Асаблівасці іншапланетнага палявання

|

Тэма сафары злых іншапланетнікаў на людзей была закранутая яшчэ трыццаць год таму ў стужцы «Перасцярога». Але раскрыў праблему міжвідавых адносінаў Арнольд Шварцанэгер у першым «Драпежніку». Фільм без перабольшвання – геніяльны. Потым было смутна. Драпежнік пераехаў у Лас-Анжэлес і змагаўся з ім невыразны паліцыянт. Далей стала ўжо смешна. Адзінае, што выратоўвала серыю драпежнікі-чужыя, гэта якасныя спецыяльныя эфекты. Пры жаданні можна было адключыць логіку і атрымліваць асалоду ад неблагога экшэну.

 

Зараз за справу ўзяўся аўтар «Планеты жаху», «Ад заходу да ўсходу» і «Горада грахоў». Таму ад «Драпежнікаў» чакалася разьня, трэш і дынамічны сюжэт. Да таго ж рэжысёр кляўся ў тым, што першая частка франшызы ці не любімы ягоны фільм. Аднак, ужо першыя звесткі пра стужку насцярожваюць. Бюджэт усяго ў сорак мільёнаў, а мы ж чакаем якасную карціну. І галоўнае – як можна замяніць губернатара Каліфорніі піяністам – Антоніям Броўдзі!?

 

Аднак Радрыгес запэўніваў, што гэта такі паклон рэалізму. Бо так, маўляў, выглядаюць сённяшнія жаўнеры, а Шварцанэгер – гэта фантастыка і гіпербалізм. Праўда, Антоній крыху дадаў у мышачнай масе. Зараз яго можна смела пасадзіць за бубны.

 

Але пяройдзем да сюжэту. Галоўны герой прачынаецца ў свабодным падзенні, спрацоўвае іншапланетная версія спадахрону, і мы на паляўнічай дзялянцы. Да піяніста далучаецца яшчэ цэлы табар не менш каларытных персанажаў: габрэйская снайперша, якудза – вядома ж, з самурайскім мячом. Першае, што ён робіць, трапіўшы ў джунглі на невядомай планеце, здымае свае штыблеты… Вядома, ёсць там і Дэні Трэха, якога Роберт упіхвае ў кожны фільм. Некалькі зусім неістотных герояў і абавязковы расеец. Здаровы, як бык, і з адпаведным узроўнем інтэлекту, вайсковец бегае з кулямётам Гатлінга – рэверанс Арнольду.

 

Піяніст адразу становіцца лідэрам калектыву. Чаму – невядома. Не паспелі мы задаць гэтае пытанне, як Драпежнікі пачынаюць паляванне. Навошта пускаць на ўзброеных па самыя вушы вайскоўцаў зграю рагатых сабак? Што робяць паляўнічыя – высокатэхналагічная, дарэчы, раса? Адзываюць недабітых сабачак ражком… Напэўна ў іх яшчэ і чалавечы манок быў, шкада, што не паказалі. Тым часам героі выпадкам трапляюць у лагер драпежнікаў. А там да слупа прывязаны адзін з паляўнічых. Антоній спрабуе наладзіць кантакт, але той толькі матае галавой і мычыць. Вядома ж, гэта была хітра спланаваная засада, з якой амаль усе уцяклі.

 

І тут нашых сяброў сустракае Лорэнс Фішбёрн – Морфеўс то бок. Гледзячы на ягоны непрыстойна сыты твар, верыш, што на планеце таварышч насамрэч прыжыўся – пэўна і Макдональдс недалёк стаіць. Лорэнс запрашае ўсіх на кардон, які сам невядома з якой мэтай падпальвае. На аганёк прыбеглі паляўнічыя і адразу выпатрашылі Морфеўса. Навошта ён у фільме, чым жыў і хто такі – гэтыя пытанні займаюць годнае месца сярод таямніц стужкі.

 

І зараз – уявіце: на небе два месяцы, паўсюль іншапланетная расліннасць, і пасярод усяго гэтага стаяць якудза і Драпежнік з шаблямі. От які цікавы рэжысёрскі рух! У лепшых традыцыях аніме самураі забіваюць адзін аднаго.

 

Што рабіць? На вуліцы ноч, за намі гоняцца іншапланетныя забойцы, сярод нас псіхапаты, што кідаюцца на сваіх… Трэба пазычыць касмічны карабель у супастатаў. Дзе толькі ўзяць ключы? Яны знаходзяцца ў прывязанага да слупа драпежніка. А з ворагаў застаўся толькі адзін – самы галоўны, самы злы і чорны паляўнічы. Пасля самапраізвольнага знішчэння зорнага карабля і кволай дуэлі двух Драпежнікаў, піяніст і галоўны прэдатар застаюцца сам на сам. Дарэчы, узброеную іншапланетную пачвару можна забіць простай арматурай.

 

Асаблівы смак гэтаму дурдому дадаюць спецыяльныя эфекты кшталту «уначы і так нічога не бачна». Так, сорак мільёнаў гэта нешмат, але прыклад трыццацімільённага «Ультрафіялету» паказвае, што якасная кампутарная графіка не так ужо дорага каштуе. Куды Радрыгес дзеў грошы? Пэўна прапіў са сваім сябрам – Дэнім Трэхам, які і згуляць не згуляў, і як персанаж сябе не праявіў.

 

Вось гук у фільме атрымаўся. Драпежнікі аруць, як чэрці, дый рагатыя сабакі цешаць слых сваім выем. Стрэляніна, выбухі – усё на высокім узроўні.

 

Акторская гульня не самае істотнае ў фільмах такога тыпу, аднак прысутнічае. Акторы згулялі на ўсе грошы: каб з сур’ёзным выразам твараў удзельнічаць у падобным цырку, трэба насамрэч мець талент. Адзін толькі Трэха сваім прапітым тварам паказвае, што гэты фільм, як і кожны іншы, яго не цікавіць – маўляў, Роберт пазваў, я і прыйшоў.

 

Фільм змогуць глядзець толькі ярыя фанаты серыі. Хоць даведаюцца пра новы чорных драпежнікаў, новыя гаджэты, напрыклад ражок для сабак. Першы «Драпежнік» паставіў аднаго мацёрага паляўнічага супраць атраду прафесіянальных вайскоўцаў. Іншапланетная пачвара супраць тутэйшай – Арнольда. Там была ясная думка – Чалавек становіцца Драпежнікам. Што хацеў перадаць сваёй стужкай Радрыгес, мы не даведаемся ніколі. Табар у складзе недысцыплінаваных псіхаў, зэкаў, снайпершы, басаногага якудзы, піяніста і Морфеўса выклікае толькі спачуванні.