300 тысяч рублёў і бясцэнны вопыт
Мне ж давялося апынуцца ў шкуры бармэна-афіцыянта. Шчыра скажу вам, мой трохтыдневы вопыт пераканаў мяне ў адным – у сферы «харчавання» я ніколі працаваць не буду. Вось як я набывала гэты вопыт…
Прачнуўшыся першай працоўнай раніцай я была ўпэуненая, што ветлівага стаўлення, прыязні да людзей і нядрэннай матэматычнай кемлівасці мне будзе досыць. Але «праца» вырашыла інакш. Летняе кафэ, у якое я ўладкавался, адкрывалася ў 11 гадзін і працавала да 23:00. На працу трэба было прыходзіць пасля званку дырэктара, які «ўзгадняў» адкрыццё бара, якое залежыла ад надвор’я і колькасці людзей у Новым парку.
– Ліза, збірайся і прыязджай! Людзі ўжо пачынаюць шпацыраваць! – Часцей за ўсё гучала з тэлефоннай трубкі.
Працавала я з напарніцай Таняй, і паміж намі спачатку ўсталяваліся прыяцельскія адносіны. Графік працы ў нас таксама быў няхітры: у адной выходныя панядзелак і аўторак, у другой – серада і чацвер, а вось каму і калі яны больш патрэбныя вырашалі мы самі. Затое з пятніцы да нядзелі мы працавалі разам, абслугоўваючы натоўп «выходнага дня», крыклівы і ўсім незадаволены. І менавіта выходныя былі сапраўдным пеклам у працы з… напарніцай.
Мае працоўныя будні ў вулічным кафэ пачаліся як раз у пятніцу ў поўнай адзіноце. А, як кажуць, адзін ў полі не воін. Я старалася ваяваць годна, разліваючы ледзяное піва збялелымі ад холаду рукамі і пералічваючы нейкія нечуваныя лічбы на калькулятары. Зазірнулі сюды і некалькі знаёмых, здзіўлена «охалі» і «ахкалі», вітаючыся са мной праз барную стойку. Я, у сваю чаргу, усім усміхалася, паціскала рукі, віталася і размаўляла з пакупнікамі, бо спачатку энергіі было – хоць адбаўляй. Але напрыканцы змены ногі адмаўляліся стаяць, а рукі – падымацца. Плошча бара, а дакладней – куточку, які гучна зваўся «барам», складала прыкладна тры квадратных метры. Прычым, гэтую тэрыторыю прыходзілася дзяліць з двума халадзільнікамі, кегам піва, скрынкамі і напраніцай. На працягу ўсяго «бармэнскага» стажу я адчувала, што гуляю ў дзіцячыя «пятнашкі».
Калі напарніца Таня зразумела, што можна сесці мне на шыю, пачала адпрошвацца з працы бясконца: то дахаты «выгульваць сабаку», то да свайго хлопца, то паспаць, таму што стамілася… Начальніку майму, здавалася, усё таксама было «фіялетава». Да некаторага часу мяне гэта бавіла, і я не абуралася. У вольную хвілінку моўчкі чытала кнігу, або разглядала наведвальнікаў.
Злосць мая пачала закіпаць у той дзень, калі начальнік раптам вырашыў, што я – «трыццацігадовы мужык у самым росквіце сіл», і загадаў перацягваць з ім здаравенныя драўляныя сталы. Ноша апынулася нялёгкай, і ў мяне потым доўга балела ў баку ад такой нагрузкі. Другой лыжкай дзёгцю апынуўся наглы пакупнік, які заявіў, што я не даліваю піва ў кубкі.
– Я буду стаяць тут, і глядзець, а ты будзеш наліваць мне ўсё па рысачку! Усе восем кубкаў! – Патрабаваў нецвярозы мужчына. – Давай! Чаго ўтаропілася?
Мне, вядома, захацелася даць гэтаму нахабніку па мазгах, але пакупнік заўсёды праў, і прыйшлося рабіць так, як яму захацелася. Нават у Тані здалі нервы:
– Вось гады нахабныя, – бубніла яна сабе пад нос. – Пазнаёміцца ім! Я ім пазнаёмлюся!
Да канца трэцяга працоўнага тыдня я зразумела, што мяне не так даводзяць пакупнікі, як калектыў. З пакупнікамі яшчэ можна неяк управіцца, але вось падлізвацца, як астатнія калегі да начальства, я не збіралася. Першы раз адкрытае супрацьстаянне дырэктару я дазволіла сабе, калі ён прымушаў мяне прадаваць зліўное піва, аргументуючы ўсё тым, што гэта таксама яго грошы. Потым я даведалася, што ў бары разлівалася піва з пратэрмінаванай кегі. Але апошняй кропляй стала тое, што мяне ні ў якую не хацелі адпускаць на дзень у паліклініку.
– Мне трэба на абследаванне! – Не разумеючы, ў чым праблема, тлумачыла я. – Я даведку прынясу, афіцыйны дакумент! Тані можна спаць да пяці, а мне са здароўем праблемы вырашыць нельга?
– А хто працаваць будзе? Скажы мне, хто будзе працаваць? – Разводзіў рукамі шэф.
Тады я і вырашыла, што пасля выходных, на якія я ў адзіноце не тое што Таню, лютага ворага не пакіну, звольнюся. Хаця якое там звальненне… Я нават кантракту ніякага не складала! Нарэшце, скончыліся апошнія выходныя ў гэтым «урадлівым месцы», і я паведаміла начальству, што больш на працу не выйду. І тут паўстала галоўная задача: забраць заробак.
Свой заробак з дырэктарам я ўзгадняла доўга, але прыйшлося пагадзіцца на яго ўмовы, каб не застацца без грошай наогул. За нялёгкія тры тыдні, я зарабіла каля 300 тысяч рублёў і… бясцэнны вопыт.