Моладзь Гарадзеншчыны – за актыўны адпачынак!

|

Як паведаміў намеснік старшыні Гарадзенскага абласнога аддзялення ОО “Рэспубліканскі турысцка-спартыўны звяз” Сяргей Каляда, група студэнтаў, якія вывучаюць турыстычную справу, адправілася на роварах на стажыроўку па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі  “Невядомая Еўропа”, накіраванага на развіццё інфраструктуры польска-беларускага памежжа ў раёне Аўгустоўскага канала.

 

24 удзельніка стажыроўкі былі адабраны ў выніку конкурсу. За 2 тыдні яны праедуць каля 400 км. Галоўная мэта вандравання – пазнаёміцца з патэнцыялам краіны-суседкі і азначыць далейшы шлях развіцця актыўнага адпачынку на Гарадзеншчыне.

Беларускія студэнты пазнаёмяцца з перадавым досведам у развіцці турызму, наведаюць гасцініцы, аб’екты агратурызму, горналыжны курорт, Вігерскі нацыянальны парк і іншыя помнікі і выбітнасці. На працягу двух тыдняў для іх будзе арганізавана навучанне ў супрацоўніцтве з Сувальскай палатай земляробства і турызму.

 

Праект “Невядомая Еўропа” рэалізуецца беларускім і польскім бакамі з 2008 па 2010 гады. У гэтым годзе студэнты ўпершыню адправіліся на стажыроўку на роварах. Учора яны здзейснілі прабег ад шлюза Немнова Аўгустоўскага канала, дзе атрымалі ровары і турыстычны рыштунак, да пагранічнага перехода “Рудавка Лясная”, што на шлюзе Кужынец. Гэты турыстычны пераход з’яўляецца водным, аднак у перспектыве яго плануюць зрабіць і пешаходна-веласіпедным. Удзельнікі стажыроўкі сталі першымі веласіпедыстамі, для якіх быў арганізаваны пераход мяжы ў гэтым месцы.

 

Як паведаміў Сяргей Каляда, цалкам магчыма, што ў будучыні веласіпедны маршрут, упершыню апрабаваны ўдзельнікамі стажыроўкі, будзе ўключаны ў транс’еўрапейскі турыстычны маршрут.

 

Фота: http://uabike.com