Сёння – Міжнародны дзень моладзі

|

Увесці свята ў календар прапанавала Сусветная канферэнцыя міністраў па справах моладзі, якая адбывалася ў жніўні 1998 года. Моладзь – паводле ААН гэта асобы ад 15 да 24 год – складае адну пятую насельніцтва планеты і адну чацвертую працоўнай сілы. Пры тым на яе прыходзіцца палова беспрацоўных.

Сённяшняе свята – не адзінае прысвечанае моладзі ў календары. Гэтак, існуе яшчэ Сусветны дзень моладзі, які святкуецца 10 лістапада, пачынаючы з 1945 года, па ініцыятыве Сусветнай федэрацыі дэмакратычнай моладзі – пераемніцы Камуністычнага інтэрнацыянала моладзі.

Існуе таксама каталіцкі Дзень моладзі ці, хутчэй, Дні моладзі. Яны адбываюцца што тры гады ў розных кутках свету ў жніўні: мінулыя праходзілі ў Сіднэі ў 2008 годзе, а наступныя адбудуцца праз год у Мадрыце.

У Беларусі, паводле савецкай традыцыі, дзень моладзі святкуецца ў апошнюю нядзелю чэрвеня.