Жыццё паэта вымяраецца вякамі

Грамадская супольнасць дабіваецца ўшанавання памяці яе творчасці і жыццёвага шляху. Напярэдадні юбілею ў Зельве адбыліся цэнтральныя мерапрыемствы, арганізаваныя паэтам Міхасём Скобляй, у якіх удзельнічала шмат людзей, сярод іх была і група з Гродна.

 

Спачатку гарадзенцам не пашанцавала – у нашага аўтобуса прабілася кола, і мы правялі плённыя паўтары гадзіны пры дарозе на Ваўкавыск, каля скошанага жытняга поля. Калі ўрэшце рэшт дабраліся да радзімы паэткі – горада Зельвы, накіраваліся ў царкву, дзе толькі што скончылася служба памяці. Было бачна, што прыехалі паэты, мастакі, грамадскія дзеячы. Заўважыла я тут Уладзіміра Арлова, Вальжыну Цярэшчанку і Уладзіміра Някляева. Разам з гарадзенцамі прыехалі госці з Падляшша – Міра Лукша і Вацлаў Гадлеўскі.

>

Людзі ідуць у бок хаты Ларысы Геніюш, адкуль міліцыя днямі зняла мемарыяльную дошку. Генік Лойка і Уладзімір Някляеў прыбіваюць да сцяны здымак знятай дошкі. Да сабраных выходзіць і цяперашняя гаспадыня – дама, якая, дарэчы, пагадзілася на ўсталяванне дошкі.

 

Пасля доўгай калонай народ ідзе па вуліцы Савецкай да будынку Дому культуры. Гэтую вуліцу ўжо пэўны час неабыякавыя людзі імкнуцца пераіменаваць, назваць вуліцу іменем Ларысы Геніюш. На жаль, без поспеху. Пакуль няма сцягоў, якія з’явяцца толькі потым, затое ёсць міліцыянты, якія ўважліва сочаць за намі.

 

Каля дзвярэй нас чакае неспадзяванка – вывешаная абвестка пра тое, што ў сувязі з выходным днём Дом культуры… не працуе. Першыя хвіліны здзіўлення і злосці мінулі, арганізатары і госці вырашаюць правесці запланаваную вечарыну на прыступках будынку.

Арганізатар мерапрыемства, Міхась Скобля, прэзентуе двухтомнік твораў Ларысы Геніюш, заклікае купляць яго, а таксама некалькі іншых выданняў, у часовай краме, створанай на тых жа прыступках. Шмат хто прыслухоўваецца, і тут жа ўтвараецца чарга зацікаўленых пакупнікаў.

 

Паэт Уладзімір Някляеў, выкліканы на «сцэну», дэкламуе верш, выступае з прамовай. Зноў выходзіць Міхась Скобля, якога не адзін раз яшчэ ўбачым. Па чарзе выступаюць літаратары і літаратуразнаўцы.

Незвычайную па сваім фармаце вечарыну ўпрыгожваюць бардэсы – Вальжына Цярэшчанка і Таццяна Беланогая, якія выконваюць песні на творы Ларысы Геніюш. Падаюць у душу прачытаныя калісьці словы верша-песні – «Мы пэты. Як мэта мэт для нас праўда, якую глушаць…».

Не гледзячы на невыносную спёку і невыгодныя ўмовы натоўп не разыходзіцца. Міхась Скобля заклікае ўсіх пераехаць на зельвеньскія могілкі, дзе пахаваныя Ларыса ды Янка Геніюшы. У лічаныя хвіліны людзі перанесліся да магілы. Хтосьці ўзняў першы сцяг… Можа і тут службы правапарадку не будуць замінаць ушанаванню памяці паэткі, для якой бел-чырвона-белы сцяг быў сімвалам роднай старонкі?

Аднак, як высветлілася, тыя спадзяванні былі зусім неабгрунтаванымі. Хутка з’яўляецца міліцыя, якая загадае прыбраць сцягі, але пасля гутаркі перастае замінаць правядзенню мерапрыемства, абмежаваўшыся назіраннем за яго ходам. У ацэнцы аднаго з удзельнікаў суботніх угодкаў, у Зельве было нашмат менш супрацоўнікаў розных службаў, чым у часе падобных мерапрыемстваў у Ваўкавыску.

Каля магілы Геніюшаў ізноў выступаюць дзеячы і мастакі. Тут і Уладзімір Арлоў і Аляксандар Мілінкевіч, сваё слова сказаў таксама госць з Масквы. Людзі ўсклаваюць вянкі і кветкі. Вядучая гэтай часткі мерапрыемства выказвае расчараванне наконт таго, што на могілках няма жыхароў Зельвы, якія, мабыць, пабаяліся ўдзельнічаць…

 

Успаміны над магілай паэткі скончыліся супольным выкананнем гімну «Магутны Божа» і не адным воклікам «Жыве Беларусь!». Калі пакідаем могілкі, невялікая група жанчын пачынае спяваць кранальную, сумную песню…

Угодкі працягваюцца ў лесе, у парку адпачынку. Сюды прыехалі тыя, хто дабраўся ў Зельву арганізаваным транспартам з Гродна і Мінску. Пад мінеральную ваду, сэндвічы і гарачую бульбу вядуцца гутаркі на розныя тэмы. Я гутару з некалькімі новымі знаёмымі, фатаграфую. Бардэсы Беланогая і Цярэшчанка пачалі чарговы, нефармальны канцэрт. Частка з нас скарысталася магчымасцю пайсці на зельвенскі заліў, дзе мы, дарэчы, купаліся.

 

Усё скончылася, людзі спяшаюцца дамой. Апошнімі лес пакідаюць гарадзенцы, якія гэтым разам без праблемаў вяртаюцца ў горад.

 

Ушанаванне памяці Ларысы Геніюш, не гледзячы на неспрыяльныя абставіны, адбылося. Здаецца, нам не перашкодзіла б нішто. Людзі памятаюць пра паэтку, якая кахала Беларусь больш за ўсё астатняе, разумеюць яе ролю ў гісторыі. Таму не здзіўляе вялікая колькасць удзельнікаў суботняй сустрэчы. Будзем спадзявацца, што пасля стогадовага юбілею будуць і наступныя.