Выпадак з кандуктаркай
Як вам такі малюначак з жыцця? Носіцца па горадзе, як Лятучы галандзец, экспрэс-аўтобус маршруту «16Э». Разумна мяркуючы, што любы «экспрэс» працуе па прынцыпе «прыпынак па патрабаванні», села я ў яго на Будзёнага, купіла талончык за 900 рублёў у кандуктаркі з дзіўна размаляваным для такой спякоты тварам і ўладкавался ў прадчуванні хуткага і зручнага праезду. Уладкавалася і ўбачыла прама перад носам таблічку «Кошт праезду 650 рублёў».
– Дазвольце, – кажу я кандуктарцы. – Вы мне няправільна рэшту далі. Вось жа ў вас паказаны іншы кошт.
– Ага, – узрадавалася кандуктарка. – А вы гэтую таблічку не чытайце, вы звонку чытайце, там правільна напісана.
– Дык чаму ж там правільна, а не тут?
Адказ мяне ўразіў у сэрца сваёй прастадушнасцю:
– Дык таму што – звонку.
– Але вы ж абілечваеце ўсярэдзіне, а не звонку!
Кандуктарка гідліва навяла на мяне вугальна нафарбаваныя вочкі і аргумент да ўвагі не прыняла. Села ў сваё высокае кандуктарскае крэсла і пагардліва паглядзела на прыціхнуўшых пасажыраў.
Едзем. Маўчым. На аўтавакзале ў аўтобус доўга ўпаўзае маляўнічая бабулька гадоў 80-ці (можа быць, і больш!). Ахайная, добра апранутая, з фрызурай, але… вось-вось рассыплецца. Божы дзьмухавец, увогуле. Упаўзаючы, яна неаднаразова пытае, ці спыняецца гэты аўтобус з літарай «Э» на прыпынку «Кінатэатр Усход». Пасажыры маўчаць, таму што самі не ведаюць. Кандуктарка таксама маўчыць. Бабуля, як любы нармалёвы чалавек, разумее гэтае маўчанне правільна і нарэшце ўся, цалкам, аказваецца ў салоне. Дзверы зачыняюцца, бабулька аплочвае праезд.
Едзем. Маўчым. Экспрэс «16Э» пралятае кінатэатр, кандуктарка пераможна аб’яўляе:
– Наступны прыпынак – гіпермаркет «Алми»!
Бабуля ў шоку:
– Але ж я ў вас пытала…. Спыніце, калі ласка, папытайце кіроўцу… Як жа мне зваротна, зноў перасаджвацца… Я ж стары чалавек, вы ж бачыце…
Кандуктарка:
– Гэта экспрэс, ён абы дзе не спыняецца.
Бабулька, забыўшыся пра ветлівасць (і я яе разумею) доўга лаецца, патрабуе назад свае грошы.
Прачнуўшымся пасажырам не да бабулькі:
– А пасля «Алми» наступны прыпынак які? Як праспект Купалы?! А Румлёва?!!!!
Мне таксама ў Румлёва. Я – да кіроўцы: маўляў, дзядзечка, спыні, паўаўтобуса праедуць свой прыпынак. Погляд кіроўцы яшчэ больш страшны, чым у кандуктаркі: «У мяне расклад, я і так спазняюся».
Куды ён спазняецца? Ён жа людзей возіць, гэта яны спазняюцца, калі праедуць прыпынак і потым будуць вымушаныя вяртацца. Гэта ж ён і яна (кіроўца і кандуктарка) для людзей, а не наадварот. Гэта ж мы ім грошы даем, а не яны нам прыплочваюць за такі сэрвіс. Шчыра прызнаюся, кандуктарку мне захацелася трэснуць прама па гэтай бландыністай фрызуры сваёй, набітай прадуктамі, торбай.
– Добра, чорт з намі, паедзем… Але няўжо цяжка было прыпыніцца для 80-гадовай бабулькі? У вас пэўна, маці такога ўзросту? Вы ж старога чалавека ледзь да інсульту не давялі…
І тут увага – вось вам і ментальнасць, і нацыянальныя асаблівасці – народ у аўтобусе аднадушна накінуўся на… мяне. Аказваецца, у кандуктаркі і кіроўцы сваё начальства, свае абавязкі, свае праблемы. А я, нахабніца, з-за нейкай бабкі зладзіла скандал.
Здавалася б, чаго прасцей спыніцца грамадскаму транспарту на грамадскім жа прыпынку (не самалёт жа гэта, у рэшце рэшт!)…
Здавалася б, чаго прасцей напісаць і ўсярэдзіне і звонку гэтага экспрэсу не толькі аднолькавы кошт, але і дзе ён дакладна спыняецца…
Здавалася б, чаго прасцей заставацца чалавекам нават на такім «строгім» месцы, як кандуктар…
Але гэтага не здарыцца ніколі. Дакладней не здарыцца датуль, пакуль пасажыры, якія і самі пакутуюць ад нейкіх дурацкіх «экспрэсных» раскладаў, не паўстануць супраць дзікіх правіл і нахабных кандуктарак. А так і будуць нясмела ўціскацца ў сядзенні, пакорліва праносячыся паблізу СВАІХ прыпынкаў, пераплочваць за дадатковы праезд і не смець уступіцца ні за сябе, ні за ашуканую і пакрыўджаную бабку.
Ілюстрацыя narod.ru