Пабудова места
І ўсё ў гэтай песьні было як і раней: і паўсюдныя аблавухія каштаны, і брукаванка з-пад зьдзёртага навальніцай асвальту, і сто дваццаць дзьве прыступкі Лесьвіцы закаханых. Паветра, набрынялае водарам гарачага хлебу. Вулічныя музыкі. Квас. Ладныя ляшчы пад Старым мостам. Атракцыёны ў парку Жылібэра. Румлёва. Фара. Каложа… Я стаяў на Замкавай гары, заплюшчыўшы вочы, і слухаў песьню ветру. Песьню пра маю Горадню…
У кожнага чалавека ёсьць найбліжэйшы й наймілейшы яму куточак, любімы гэткім неапісальным і невытлумачальным пачуцьцём. Гэта месца, дзе чалавек нарадзіўся і стаў на ногі, зазірнуў у сябе і азірнуўся вакол. І куды бы ні кіраваліся пазьней жыцьцёвыя шляхі, кожны наступны крок абавязкова будзе ў напрамку родных мясьцінаў, прынамсі ў марах.
Але прымроеная Радзіма, нябачная іншым, усё-ткі рэальная – хай нават і для аднаго чалавека. Да прыкладу, Марк Шагал усё жыцьцё маляваў родны Віцебск, зь якога быў зьехаў і які, не зважаючы на татальнае разбурэньне, жыў у сэрцы і працягвае жыць у карцінах мастака. А Караткевічавая Гародня, у якой калісьці быў прызямліўся Хрыстос, сталася настолькі рэальнай, што нават выступае аргумэнтам у спрэчках пра сапраўднае імя места.
Плошча
Плошча заўсёды зьяўлялася абавязковым і цэнтральным атрыбутам кожнага места. Гэта месца сустрэчы ўсіх – незалежна ад сацыяльнага ці матэрыяльнага статусу, прафэсіі, адукацыі, веравызнаньня і г.д. Усе найважнейшыя падзеі ў жыцьці месьцічаў заўсёды адбываліся тут.
Хто валодае Плошчай, той валадарыць і ўсім местам. Таму апроч галоўнага рынку, сьвяточных сцэн і каляднай ялінкі, менавіта тут прапісваліся і магістраты, і каралі. На цэнтральным пляцы тупацяць парады пераможцаў, але адначасова і рыпяць шыбеніцы для пераможаных.Тут фаервэрку ў гонар новага валадара рэхам адгукаюцца і стрэлы па абаронцах колішняга ладу.
Барацьба за Плошчу – гэта барацьба за ўсё места. А калі гэта галоўная Плошча краіны – барацьба за ўсю краіну. І Пляц Каліноўскага ў сакавіку 2006 году ў іншым месцы паўстаць папросту ня мог. Зрэшты, як і тагачасная інаўгурацыя прэзыдэнта. Толькі тут, на галоўнай Плошчы краіны, можна зьвярнуцца да ўсяе нацыі й патрабаваць перамен. І толькі тут можна заявіць пра ўласную перамогу, прадэманстраваць сваю сілу ўсім без вынятку.
Унівэрсалізм паняцьця «Плошчы» дазваляе ўбачыць і разгледзець аналёгіі ў падобных зьявах, не зважаючы на іх памер і маштабнасьць падзеі. Таму, калі кажуць, што ў нас была толькі Плошча Каліноўскага, то, прынамсі, хібяць. Апрача яе ёсьць яшчэ адна – нарачэм яе ўмоўна: Гарадзенская Плошча. І хоць паняцьце мае значна большыя геаграфічныя і часавыя межы, але менавіта тут, у Горадні, на колішнім Рынкавым пляцы, а сёньня – пляцы Савецкім, напрыканцы сакавіка 2006 году – нібы пераймаючы эстафэту ад «каліноўцаў» – адкрыта сутыкнуліся жыхары дзьвюх розных Беларусяў.
Компекс будаўнічых прац, актыўная фаза якіх распачалася ўвосені 2005 году й цягнецца да сёньня, афіцыйна названы рэканструкцыяй гістарычнага цэнтру Горадні. Неафіцыйна – «бульдозэрнай рэканструкцыяй», зважаючы на мэтады правядзеньня прац. Адпаведна ўдзельнікаў канфлікту ў мэдыя падзялілі на «рэканструктараў» і «абаронцаў» Горадні. Да сакавіка 2006 году канфлікт меў дастаткова пасіўны характар і вызначаўся, пераважна, нязначнымі разбурэньнямі ў розных частках гістарычнага цэнтру з аднаго боку і зборам інфармацыі ды публікацыямі ў СМІ – з другога. Рэзкае павелічэньне тэмпаў «бульдозэрнай рэканструкцыі» й першае адкрытае супрацьстаяньне з «абаронцамі» адбылося на галоўным гарадзенскім пляцы і прыпала менавіта на канец сакавіка-красавік, адразу па задушэньні Плошчы Каліноўскага. Дарэчы, частка гарадзенскіх «абаронцаў» напярэдадні брала непасрэдны ўдзел і ў сталічным «паўстаньні».
Найбольш удалым у адстойваньні гістарычнага цэнтру перад «рэканструктарамі», безумоўна, стаўся ранак 18 красавіка 2006 году, калі «абаронцы» спынілі й захавалі ад разбурэньня падмуркі радзівілаўскага палацу, скочыўшы пад экскаватар. У выніку, плян падземнага пераходу быў скарэктаваны гэтак, каб не зачапіць фундамэнт і пакінуць магчымасьць яго аднаўленьня. Пасьля гэтага выпадку на нейкі час атрымалася наладзіць «замірэньне» паміж двума бакамі: «рэканструктары» паказвалі свае працоўныя пляны, а «абаронцы» раілі, як мінімалізаваць разбурэньні.
Напачатку кампанія па захаваньні гарадзенскай спадчыны «НАШа ГОРАДня» (пазьней – «Абаронім Гародню») мела падкрэсьлена апалітычны характар, што, дарэчы, і спрыяла згаданаму «замірэньню». Заклік дапамагчы ўратаваць гістарычны цэнтар места быў накіраваны ўсім без вынятку: гісторыкам, археолягам, грамадзкім актывістам, журналістам, удзельнікам рыцарскіх клюбаў і «Крытычнай масы», эколягам, музыкам і папросту неабыякавым грамадзянам. «Мы ўсе найперш гарадзенцы, тут наш агульны Дом!» – гэткім быў асноўны матыў тагачасных зваротаў. Створаны сайт harodnia.com стаўся асноўнай крыніцай інфармацыі пра «рэканструкцыю», а пазьней – і пра гарадзенскую спадчыну наагул.
Аднак да 2007 году амаль усю «абарону» складаў тузін мясцовых і менскіх краязнаўцаў, пераважна юнакоў і дзяўчат. Астатнія ўпарта адмоўчваліся. Катастрафічна не ставала людзей для працы як на Плошчы, гэтак і па-за ёй. Таму не аднойчы даводзілася выбірацца ў абедзенны перапынак з катляванаў і бегчы да бліжэйшага кампутару, каб апублікаваць апошнія навіны і фотаздымкі. Астатняе – па сканчэньні працоўнага дня ў будаўнікоў. Не пасьпявалі пад усе экскаватары, да ўсіх прарабаў з праектамі, ува ўсе шурфы з рыдлёўкамі. Назва калісьці велічнага каралеўскага места загучала недарэчна й нават трагічна: горадня, гора-дня, гора дня…
У выніку, Гарадзенская Плошча таксама была страчаная аднымі і прызнаная найпрыгажэйшай у краіне іншымі. Для «абаронцаў» – параза, для «рэканструктараў» – трыюмф. Роспачны выгук «Забі Горадню сваёй абыякавасьцю!», на жаль, спраўдзіўся. 2007 год нагадваў, хутчэй, агонію. Апазыцыйныя партыі й рухі, якія адмоўчваліся, пакуль адбывалася змаганьне за Плошчу, замітусіліся, як толькі тая была зьнішчаная. У Горадню пацягнуліся палітычныя актывісты, якія, аднак, празь дзень-два зьяжджалі ды адно спрачаліся на Інтэрнэт-форумах пра тое, чый візыт быў больш важкі ды пагрозьлівы для рэжыму. Партыйныя сходы ўхвальвалі гучныя заявы ды друкавалі наклады тэматычных налепак із сваімі арганізацыйнымі лягатыпамі. Каляпалітычныя рухі ды ініцыятывы сварыліся міжсобку, пазначаючы ўдзельнікаў акцыяў як уласных актывістаў. Гэтым, на жаль, практычна і абмяжоўвалася цікаўнасьць апазыцыі да «бульдозэрнай рэканструкцыі».
«Абаронцам» палітызацыя толькі дадала клопату (таму ня варта зьдзіўляцца, што расклееныя апазыцыйныя налепкі зьдзіралі менавіта яны). Сымпатыкі зь ліку «рэканструктараў» перасталі дзяліцца інфармацыяй, усяляк абмяжоўваліся ад кантактаў. Затое сустрэч упарта шукалі супрацоўнікі спэцслужбаў: пачаліся «размовы», непаразуменьні на месцах навучаньня ды працы. Адначасова закруцілася дзяржаўная машына прапаганды: публікацыі ў афіцыйнай прэсе і сюжэты на тэлеканалах, паказальныя сходы «грамадзкасьці й навукоўцаў», выступы чыноўнікаў. Першыя арышты й суды…
«Бульдозэрная рэканструкцыя» перанеслася й на іншыя часткі гістарычнага цэнтру. Наладзіць адпаведны і плённы супраціў ёй, за рэдкім выняткам, ужо не атрымалася.
няПлошча
Нават Гарадзенская Плошча, якая сталася месцам першага адкрытага супрацьстаяньня зьнішчальнікаў і абаронцаў гістарычнай спадчыны места й сапраўдным эпіцэнтрам змаганьня паміж імі, мае характэрную назву – Савецкая. Зрэшты, і сталічная сакавіцкая Плошча афіцыйна была нарачоная зусім ня ў гонар прыгожага восеньскага месяцу.
Атрымалася казусная сытуацыя: «абаронцы» змагаліся з савецкімі паводле сваёй сутнасьці «рэканструктарамі» за Плошчу, савецкую паводле сваёй назвы (у выпадку з «каліноўцамі» яшчэ большая недарэчнасьць: Кастрычніцкая плошча савецкая й паводле назвы, і паводле сутнасьці).
Атрымліваецца, што і «абаронцы» гэткіясама савецкія, як і «рэканструктары»? Тады ў чым сутнасьць канфлікту? Адолець падобных сабе, якія, аднак, маюць непараўнальна большыя рэсурсы й магчымасьці, нерэальна. Выйсьце бачыцца ў… адмаўленьні Плошчы. У той час, як цэнтар віраваў, зьнішчаўся аднымі і адбудоўваўся іншымі, пэрэфэрыя мела магчымасьць жыць і разьвівацца, пазьбегнуўшы несупыннага цэнтралізаванага палімпсэсту й захоўваючы традыцыі, закладзеныя самай першай Плошчай, зь якой усё калісьці й пачалося.
Гарадзенскія «абаронцы» цалкам слушна адышлі з «рэканструяванай» Савецкай плошчы ў ціш наймаладзейшага з старасьвецкіх раёнаў места – Новага Сьвету, якому, аднак, сёньня таксама пагражае паступовае зьнішчэньне.
Рытарычнае і фізычнае супрацьстаяньне зьмянілася на больш стваральную працу. Пабачылі сьвет кінастужкі і альманахі, прысьвечаныя ўнікальнасьці раёну. Сярод жыхароў Новага Сьвету распачалася тлумачальная праца з мэтай паказаць яго ўнікальнасьць і каштоўнасьць. Падрыхтаваная віртуальная мапа раёну, з падрабязнымі гістарычнымі даведкамі і здымкамі, зробленымі ўдзельнікаў фотапленэру «Адкрый Новы Сьвет».
Прыватная забудова, якая нібы агарнула гістарычны цэнтар клапатлівай матчынай далоняй, мае сваіх канкрэтных гаспадароў. А таму і адказнасьць за кожны тутэйшы лапік зямлі – на мясцовых жыхарах, а не на розных няўцямных «жэсах», «саветах» ці «будпрамах». Адсутнасьць тут нейкае лякальнае плошчы дэцэнтралізуе раён і адначасова робіць цэнтрам кожны асобны дом: ты сам ствараеш сваё асяродзьдзе, уплываеш на яго, зьмяняеш. Дый назва падказвае: тут, менавіта тут хаваецца ключык да брамы ў Новы Гарадзенскі Сьвет.
Кожны дом – сапраўднае маленечкае мястэчка. Бяда ж нават ня ў тым, што нехта, руйнуючы нашае, будуе сваё – бяда ў тым, што за зацятым супрацьдзеяньнем і адмаўленьнем нянашага, мы забыліся пра стварэньне свайго. Прымроіць, прасьпяваць, сфатаграфаваць, апісаць, данесьці да іншых, узяць на сябе адказнасьць, адчуць сябе гаспадаром – вось цагліны, патрэбныя кожнаму, хто будуе ўласнае асяродзьдзе. Як свой дом, гэтак і сваё места…
>
Магчыма, некалі мы яшчэ вернемся на Плошчу. Кожны на сваю. З сваёй пэрэфэрыі. І гэта будзе першае места, пабудаванае напачатку з адлеглых гародаў і спальных раёнаў. І завершанае ў самым яго цэнтры, на галоўнай Плошчы.