Адраджэнне Ганнаўскага кірмаша
На кірмаш у Зэльву, які звычайна доўжыўся з 25 ліпеня па 25 жніўня, з’язджаліся да 5000 купцоў.
Гэтае свята гандлю было другім па значнасці ў тагачаснай Еўропе пасля Лейпцыгскага кірмашу і надзвычай значнай падзеяй у жыцці мястэчка.
У тыя часы казалі, што зэльвенцы 11 месяцаў на год сумуюць, а толькі адзін – жывуць.
Сёлета, дзякуючы фінансавай падтрымцы праекта ЕС/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”, зэльвенская адміністрацыя намагаецца зладзіць кірмаш максімальна набліжана да традыцыйнага.
Акрамя ўласна гандлю наведнікаў кірмаша чакаюць спектакль народнага тэатра “Батлейка”, майстар-клас народнага танца, конкурс шляхецкай байкі, гульні і забавы, рыцарскія турніры, горад майстроў, феерверкі, канцэрт духавога аркестра, выступленне цыркавога калектыва і шмат іншых цікавостак.
Адкрыецца свята ў 11 гадзін на цэнтральнай плошчы.
На гарадскім стадыёне з 14.20 распачнуцца конныя забавы. Гульні, народныя атракцыёны і забавы пройдуць не летняй эстрадзе ў паркавай зоне.
У цэнтральным скверы з 11.30 да 17 гадзін будзе працаваць кірмаш рамёстваў.
Горад майстроў размесціцца на вуліцы Жэбрака і Савецкай. Кірмаш закрыецца ў 21 гадзіну, але ў 21.55 развітальным акордам свята стане феерверк, а кірмашовы баль (уваход платны) будзе доўжыцца да 2 гадзін ночы.
Фота з сайта http://www.pts2003.by.ru