У грукаце рока
Ужо на ўваходзе першую сотню гасцей чакаў прыемны падарунак – зборнік беларускай рок-музыкі пад назвай «Не заганяйся!», а таксама фірмовыя значкі ад грамадзянскай арганізацыі «Будзьма». Вядома, гэтыя невялічкія падарункі, прадугледжаныя арганізатарамі, разыйшліся ў лічаныя хвіліны.
Канцэрт пачаўся з вясёлага конкурсу, у якім была разгуляная летняя пляжная торба з сімволікай «Будзьма». Дарэчы, з-за таго, што ўдзел у конкурсе прынялі толькі хлопцы, то і дасталася торба аднаму з іх. Зразумела, такі конкурс быў не адзін. Але ўсё па чарзе. У гасцей канцерту былі ацэнены не толькі фізічныя, але і інтэлектуальныя здольнасці. Так, напрыклад, пасля выступу «Твайго гораду», які запаліў натоўп сваімі вяселымі спевамі (трэба яшчэ сказаць, што не на ўсякі гурт, які выступае першым, збіраюцца абсалютна ўсе ўдзельнікі канцэрту) была разгуляная майка ад культавай гарадзенскай каманды Pet Nihil.
Праходзіла гэта так: выйшла некалькі чалавек і па чарзе называлі песні гурта, выйграў той, хто назваў найбольш песен. Была таксама падаравана сумка «Будзьма» таму, хто назваў альбомы гэтага гурта. Калі гаварыць аб атмасферы свята варта адзначыць, музыка была настолькі заводзячай, што нават самыя нясмелыя і нерашучыя ў лічаныя секунды апынуліся ў ліку танцуючых. Нават мы, журналісты, уражаныя такой сяброўскай атмасферай, не ўтрымаліся прабраліся да самай сцэны, у гушчу падзей.