Тэмпература ў цэхах шклозавода “Нёман” перавышае 60 градусаў
Такія ўмовы працы вытрымліваюць не ўсе, некаторыя проста млеюць на працоўным месцы, аднак заробак залежыць ад вырабленай колькасці, таму праца працягваецца:
– Як ратуемся? Газіроўкай, якая не заўсёды ёсць. А зарплаты ніякай – 500 тысяч і ўсё.
– Да абеда немагчыма працаваць. Пасля спрабуем працаваць, але 60 градусаў стабільна. І ніяк не выратавацца ад такой тэмпературы. Учора прыйшлі а чацьвёртай на працу і кажам начальніцы, што не будзем працаваць, яна пачала абурацца, але нічога не зрабіла, а што яна можа зрабіць.
– Мая мама працавала, хацелі спыніць працу, ім не дазволілі, але некаторыя спыняюць працу. Залежыць ад таго, якая начальніца.
– Кіраўніцтва таксама пакутуе разам з намі. Горача ўсім.
Актывіст “Руху “За Свабоду!” Сяргей Трафімчык, супрацоўнік шклозавода “Нёман”:
-У дадзенай сітуацыі трэба шукаць нейкі кампраміс: ці скарачаць працоўны дзень, ці працаваць, калі няма такой спёкі, ці рабіць часцей перапынкі падчас працы.
Тут на гэта мала зважаюць.
Напрыклад, адзін начальнік кажа, што ў еўрапейскіх краінах на такіх прадпрыемствах нават няма сістэм вентыляцыі.
Але ў беларускім заканадаўстве прапісаныя нормы, і іх павінны выконваць.
Ад сёння праблема супрацоўнікаў шклозавода пачала вырашацца сама сабой: анамальная спёка скончылася, тэмпература паветра знізілася, а значыць і умовы працы шкловыдзімальшчыкаў сталі падобнымі на чалавечыя.
Паводле http://new.racyja.com