Рукатворная спадчына

>

Тэма летніку – традыцыйныя рамёствы Беларусі, Польшчы, а таксама Нямеччыны. У часе летніку ўдзельнікі будавалі сапраўдную печку па нямецкіх традыцыях разам са спецыяльна запрошаным майстрам з Нямеччыны Хансам Баўман-Рывадэнейра, удзельнічалі ў шматлікіх майстар-класах: пляценне з саломкі, традыцыйнае (дарэчы, зараз вельмі папулярнае) валянне з воўны, выраб беларускіх лялек-жаданніц, якія, па беларускім паганскім павер’і, здзяйсняюць жаданні.

З польскага боку – выраб глінянага посуду і вышыванне традыцыйных для Польшчы ўзораў на спецыяльна падрыхтаваных торбах. Усе майстар-класы праводзілі самі ўдзельнікі. Самым цікавым для ўдзельнікаў стала навучанне адзін аднаго сваім спевам і танцам. Найбольш папулярныі ў летніку сталі беларускі танец Ойра-ойра і польскі Обэрэк.

 

Асноўная мэта летніку – знаёмства моладзі з традыцыямі і культурай краін-удзельніц, а таксама павышэнне зацікаўленасці сярод моладзі да культуры і традыцый. «Ніколі не мог сабе ўявіць, што летам у вольны час замест таго, каб проста ляжаць на сонейку, купацца ці піць гарэлку, я у свае 25 год сядзеў і вышываў альбо валяў нешта з воўны, дарабляў тое, што не паспеў у часе майстар-класу», – падзяліўся ўражаннямі аўстрыец Макс Розэнбергер.

 

Мовамі зносінаў сярод удзельнікаў сталі беларуская, ангельская і нямецкая. Алеся Белановіч, адна з арганізатараў, на заключнай вечарыне сказала: «Асаблівае дзякуй польскай групе, удзельнікі якой не разумеюць рускую, але разумеюць беларускую мову: беларусы пачалі больш размаўляць на беларускай мове».

 

Летнік размяшчаўся каля рэшткаў сядзібы Эдварда Вайніловіча «Лапухі», які ў гонар сваіх дзяцей Сымона і Алены ахвяраваў грошы на пабудову Чырвонага касцёлу ў цэнтры беларускай сталіцы. У часе летніку ўдзельнікі таксама расчысцілі «беларускія джунглі» вакол рэшткаў гаспадарчых забудоў сядзібы і ўсталявалі ўказальнік, зроблены сваімі рукамі. Цяпер любы зацікаўлены можа наведаць вёску Дунаева і з дапамогай указальніка знайсці і дакрануцца да рэшткаў некалі вялікай і квітнеючай сядзібы.

Беларуская лялька-жаданіца ў астрыйскім народным касцюме «дзірндль» на плячы Макса, удзельніка з Аўстрыі

Па паганскім павер’і перад першым запальваннем печку трэба абсыпаць зернем або крупой. Лялька-Крупенічка – ахоўніца печкі і дому

 Сабраліся дзяўчаты пагаманіць…

Та-дааааа-дааам! Печка працуе!

 

Арганізаратамі і партнёрамі праекту, у межах якога адбыўся летнік, выступілі арганізацыя «Адукацыя бяз межаў» (Беларусь), Грамадскае аб’яднанне імя Эдзіты Штайн (Польшча) і Грамадскае аб’яднанне «Моладзевая і сацыяльная работа» (Нямеччына). Праект праходзіў пры падтрымцы Фонда імя Роберта Боша (Нямеччына) і Фонду імя Стэфана Баторыя (Польшча). Фота тут.