Што хаваюць у сабе берагі Нёмана

 

Часта яны стагоддзямі ды тысячамі год скрытыя пад зямлёй. Як правіла, даследваннем знойдзенага ў зямлі займаюцца археолагі. Студэнты гарадзенскага гістфаку – не выключэнне. Яны цягам летніх месяцаў працуюць на раскопках вакол гораду, здабываючы пры гэтым археалагічную практыку.

Шырокамаштабная экспедыцыя пад кіраўніцтвам выкладчыцы Юліі Юркавец праводзілася таксама ў вёсцы Коматава. Там знайшлі паселішча і магілы. У выніку раскопкаў знойдзеныя сляды дзейнасці людзей нават ад каменнай эпохі да XVIII стагоддзя. Літаральна пару дзён таму закончыліся працы ў межах экспедыцыі Коматава-5. Раскопкі на ўзбярэжжы Нёмана ідуць ужо трэці год і набліжаюцца да канца. Яны звязаныя з запланаванай пабудовай гідраэлектрастанцыі. У сувязі з ГЭС тыя каштоўныя, з пункту гледжання магчымых адкрыццяў, тэрыторыі будуць залітыя вадой.

Па словах адной са студэнтак-археолагаў, у працах экспедыцыі прымаюць удзел не толькі будучыя прафесіяналы. Таму амаль кожны, пры кроплі шчасця і ахвоты можа адчуць сябе археолагам, дапамагаючы пры раскопе. Гэта, напэўна, не сюжэт у стылі Індыяна Джонс, але ўсё роўна цікавая справа, да таго ж – у захапляльных прыродных абставінах.

 

Раскоп Коматава-5 падзелены на тры часткі, якія дзеляцца на яшчэ меншыя. Ён у цэлым доўгі і даволі вузкі. З дапамогай мінадэтэктара шукаюцца срэбраныя манеты. Гэтым разам было тры – маленькія, называныя барацінкамі ад прозвішча чалавека, які пачаў іх выпускаць.

   

У зямлі захаваліся яшчэ цвікі ад трунаў і кераміка. Касцей таксама хапае – гэта ж магільнік. Яны ў бязладдзі, таму што воды Нёмана стагоддзямі раскідвалі іх пад зямлёй. Ачышчаныя – бялеюць на сонцы. Археолагі далікатна іх адкрываюць, гледзячы на тое, каб не выкапаць цалкам. Пасля фатаграфуюць знаходкі, мераюць косці, магільныя ямы, запісваюць вынікі ў сшытак. Раскоп пакідаюць ўпарадкаваным. Манеты і кераміка забяспечваюцца – кожная рэч у паасобнай сумачцы, косці запіхваюць у мяшок.

 

Пасля паездкі ў Коматава пагутарыла з адным аматарам мінулага – Андрэем з кафедры археалогіі і этналогіі. Хацела даведацца больш пра ход раскопкаў і іх імаверныя вынікі.

 

align=”left” >– Чаму вы капаеце якраз на гэтым месцы? Адкуль ведалі, што там можна нешта знайсці?

– На гэтым месцы ўзнікне ГЭС, тыму праводзіліся адмысловыя абследаванні, у выніку якіх былі знойдзеныя 33 археалагічныя помнікі. Гарадзенскаму гістфаку прапанавалі правесці раскопкі. Калі б мы іх не пачалі, усё ў тым раёне было б страчанае пад вадой. Косці, напэўна, вымываліся б вадой і потым знаходзіліся на берагах Нёмана. Таму і сп.Юркавец пагадзілася кіраваць экспедыцыяй. На сённяшні дзень мы закончылі працы пры 32 з 33 помнікаў, застаецца толькі адзін у Гледавічах.

 

– Дык калі скончацца ўсе працы?

– З пачаткам верасня пачнуцца апошнія раскопкі ў згаданых Гледавічах. Тады студэнты вярнуцца ва ўніверсітэт, і частка з іх напэўна захоча з’ездзіць на раскопкі. Такім чынам мы павінны завяршыць усё на працягу месяца.

 

– Што можна сказаць на падставе знаходак?

– Яны важныя пры датаванні. На іх падставе можам акрэсліць, да якіх часоў адносяцца магілы. Цяжка вызначыць прафесію чалавека, хаця здаралася, што ў труну памерлага кідалі розныя рэчы, напрыклад, у труну ювеліра – пярсцёнкі. Найбольш пра часовыя рамы ведаем, дзякуючы манетам.

– Куды трапляюць знаходкі?

– Індывідуальныя знаходкі, як кераміка, цвікі ці ўпрыгожванні перадаюцца Гарадзенскаму дзяржаўнаму гісторыка-археалагічнаму музею. Косьці даследуе антраполаг з Полацку. Пасля аналізу іх зноўку хаваюць у зямлю.

– А чаму вы зацікавіліся археалогіяй?

– Вучыўся на гістфаку. Генадзь Семянчук прапанаваў калісьці з’ездзіць на раскопкі ў Нясвіж. Паехаў разам з сябрамі. Спадабалася. Летам, калі праводзяцца раскопкі, можна прымаць іх таксама як форму адпачынку. Дзякуючы археалогіі можна даведацца шмат пра гісторыю, этналогію…Гэта цікава.

Фота аўтара