Дзве лічбы для Дзяржкантролю

|

Як піша «Ежедневник», для гэтага КДК і шэраг іншых ведамстваў стварылі працоўную групу, якая на працягу месяца стане вывучаць прычыны нізкіх зарплат, а таксама выкараняць выпадкі выплатаў у канвертах.

 

Вось ужо сапраўды – няма чым людзям заняцца, акрамя як «вывучаць»! Ды не трэба нічога вывучаць, я вам без стварэння групы ўсё распавяду.

 

Па-першае, існуе вялікая «лічбавая» дзяржава пад назовам Упраўленне статыстыкі. Досыць зірнуць на лічбы заробкаў плат па ведамасцях у бюджэтнікаў, і стане ясна, што «менш за 200 даляраў» атрымоўваюць медсёстры, швачкі, рэгістратары. Вельмі распаўсюджаныя такія заробкі ў сістэме агульнага харчавання, столькі атрымліваюць прадаўцы, дыспетчары і г.д. І у такім заробку можна абвінаваціць галоўнага працадаўцу – дзяржаву, якая знаходзіць сродкі на войска чыноўнікаў і міліцыянераў, таму што «на гэтым стаіць». Папрашу не блытаць са словам «трымаецца». І якая карысць дзяржаве ад нянечкі ў дзіцячым доме? Яна для гэтай дзяржавы – чалавек нікчэмны, яна для дзетак – важны чалавек.

 

Па-другое, «канверты» былі, ёсць і будуць, пакуль не знойдзецца разумны чалавек (а надзеі такой, шчыра скажам, мала) і не адкарэктуе падатковую палітыку. Давайце палічым.

 

Напрыклад, налічыў працадаўца свайму працаўніку 500 даляраў (абяцаных чамусьці «зверху»). Гэта – 1 500 000 рублёў. Падаходны падатак складзе 195 000. Праўда, падаходны падатак заплаціць сам працоўны. І як ні круці з яго 500 даляраў ужо трэба адняць 65. Затым працадаўца «павінен» дзяржаве ў твары ФСАН за гэтага самога працаўніка заплаціць 35% альбо 525 000 рублёў!

 

Гэта тыя самыя грошы, якія складаюць не самую нізкую пенсію ў РБ. Калі вы чуеце з самой высокай тэлевізійнай трыбуны, што хтосьці даў пенсіянеру пенсію з «сваёй» кішэні, выключыце неадкладна такі хлуслівы тэлевізар. Пенсію сваім бацькам даюць дзеці, якія працуюць! Існуе (дарэчы, даволі спрэчнае) меркаванне, што калі б больш нашыя бацькі «нарабілі» дзяцей, тым больш зараз атрымлівалі пенсіі. То е ж будзе і з намі… Далей. Працадаўца заплаціць 15 000 у пенсійны фонд і 9 000 у Белдзяржстрах. Рэшта: агульныя выплаты складуць 744 000.

 

Паглядзім на праблему з іншага боку. Калі працадаўца выплаціць працаўніку зарплату ў 400 000, то дзяржаве ён «аддасць» 149 000. Як кажуць, адчуйце розніцу… Вядома, прасцей і зручней працягнуць чалавеку канверт: у чалавека падаходны ніжэй, і працадаўца зэканоміў на ФСАНе.

 

Трэба паспрабаваць знайсці такую лічбу падатку ў ФСАН, каб працадаўцу было абыякава: ці аддаваць «шэрыя» грошы найміту, ці, налічыўшы заробак, бяз болю выплаціць падатак. Паколькі, сапраўды скажу, «шэрыя» грошы таксама не занадта проста здабываюцца.

 

Вось над якімі двума лічбачкамі і трэба падумаць групе з Дзяржкантролю:

1. На колькі адсоткаў скараціць штат чынавенства і міліцэйства, каб хапала медсёстрам і кухарам.

2. Якім павінен быць падатак у ФСАН. Можа быць адсоткаў гэтак 25-26 змогуць задаволіць і дзяржаву і працадаўцаў.

Ілюстрацыя http://www.domik.net