Другі канец Футурамы
Серыял пра дастаўшчыка піццы, які трапіў з 1999 года ў 2999, вядомы ў нас дзякуючы паказу на RenTV. У арыгінале ён расцягнуўся на пяць сезонаў, паказ якіх скончыўся ў ЗША ў 2003 годзе. Праект быў спынены, але гледачы не пакідалі ў спакоі кампанію Fox, дасылаючы тысячы лістоў з просьбай вярнуць шоў. Вялікі поспех прымусіў стваральнікаў вярнуцца да гэтай тэматыкі. Для Мэта Гроўнінга – бацькі самага доўгага анімацыйнага серыяла «Сімпсаны» – наўрад ці гэта было складана. Аднак тым разам была выбраная форма DVD-прэм’ер поўнаметражных стужак.
На працягу трох папярэдніх поўнаметражак, якія выходзілі рэгулярна з канца 2007 года, каманда «Касмічнага Экспрэсу» змагалася са звыклымі для сябе праблемамі: касмічнымі авантурыстамі, канцом свету, бізнэсмэнамі-махлярамі, новымі дзяўчынамі няўдачніка Фрая і дэструктыўнымі паводзінамі робата Бэндэра. То бок, у стужках было ўсё, дзякуючы чаму серыял некалі стаў такім папулярным. Наноўшая, чацвётрая частка не прайграе ні ў чым саім папярэдніцам: у ёй хапае цынізму, абсурду, спасылак на іншыя творы, цытат і клішэ. Гэта ўсё той жа вар’яцкі свет будучыні, дзе ўсе нашыя сённяшнія праблемы актуальныя, не гледзячы на тэхнічны прагрэс.
Магнат Вонг у змове з дэманічнай галавой Рычарда Ніксана (у слоіку) мае намер знішчыць некалькі экасістэм каб пабудаваць самае вялікае ў сусвеце поле для гольфу. Супрацьстаіць яму група эколагаў-феміністак, улюбёная справа якіх – арганізоўваць нешматлікія і безсэнсоўныя мітынгі (нікога не нагадвае?). Аднак супрацьстаянне аказваецца значна больш старадаўнім, а вораг – жахлівейшым. Ізноў толькі Фрай, прыхадзень з далёкага ХХ стагоддзя, можа выратаваць сусвет.
Чацвёртая частка не такая абсурдная, як рэкордная ў гэтым плане трэцяя. Адчування паўсюднай шызы няма, а вось лірычныя, эпічныя і наогул сур’ёзныя моманты сустракаюцца. Кожную хвіліну, калі не катаешся са смеху па падлозе, выхопліваеш спасылкі на іншыя дасягненні поп-культуры. Здзіўляешся, як добра спрацоўваюць старыя прыёмы. І прызнаеш рацыю Хайнлайну: чалавек смяецца, калі іншым кепска. На гэтым пабудаваны увесь гумар, у тым ліку зласлівы і здзеклівы гумар серыялаў Гроўнінга. Толькі канцоўка выглядае гэтак, быццам бы гэта чарговы раз меў быць канец Футурамы. Можа і сапраўды нам ужо хопіць, мяшкі з мясам?
Фільм: Футурама: У дзікія зялёныя далечыні / Futurama: Into the wild green yonder, ЗША 2009, 88 хв.
Рэжысёры: Мэт Гроўнінг, Дэвід Коўэн
Жанр: фантастычна абсурдная анімацыйная камедыя, якая ўздымае вечныя пытанні
Аляксей Шота