За дыпломам – у Польшчу
Аднак сярод будучых выпускнікоў ёсць і тыя, хто нават і не збіраецца цікавіцца ні навінамі ў арганізацыі ўступнай «кампаніі», ні конкурсам і прахаднымі баламі ў беларускія ВНУ. Не тое каб яны вырашылі паставіць кропку ў сваёй адукацыі – пайсці ў армію, на працу ці… замуж. Проста гэтыя юнакі рыхтуюцца атрымаць «ганаровае» званне студэнтаў замежных акадэмій і ўніверсітэтаў. Самы папулярны накірунак «міграцыі» моладзі, вядома, наша суседка Польшча.
Якім жа чынам гарадзенскія хлопцы і дзяўчаты трапляюць на навучанне ў польскія ВНУ, і хто/што ім ў гэтым дапамагае? Вышэйшую адукацыю і еўрапейскі дыплом ў РП беларусы (дакладна – грамадзяне Беларусі) могуць атрымаць як за грошы, так і на бясплатнай аснове. На платную форму замежных абітурыентаў прымаюць, як правіла, нават без уступных іспытаў. Дастаткова выбраць ВНУ, сабраць камплект асноўных дакументаў, падаць заяўку, і вы – студэнт. А вось каб трапіць на «бюджэт» і да гэтага яшчэ і стыпендыю атрымліваць, патрэбна сапраўднае жаданне і мэтанакіраванасць. …Плюс польскае паходжанне.
Пра польскае паходжанне і як яго даказаць
Усім вядома, што значную долю насельніцтва Гарадзеншчыны складаюць этнічныя палякі ці беларусы польскага паходжання. У юрыдычным плане пра «польскае паходжанне» можна казаць, калі бацькі асобы, дзед ці бабка, і нават прадзед (прабабка) былі ці з’яўляюцца палякамі. Што вельмі важна – на гэта павінна быць афіцыяльнае пацверджанне. Дарэчы, гэта самае «паходжанне» забяспечвае для моладзі з Беларусі і іншых краін былога СССР не толькі паступленне без конкурсу, але і гарантаваную стыпендыю ў 900 злотых кожны месяц. Але адной толькі нацыянальнай прыналежнасці тут недастаткова. Каб скарыстацца спецыяльнай праграммай «Палякі на Усходзе» і паступаць праз Кансулят трэба ведаць польскую мову, гіторыю і культуру.
Пра нацыянальную самасвядомасць і дзе яе набыць
Многія з гарадзенскіх палякаў даўно асіміляваліся з беларускай культурай, і сувяззю з гістарычнай радзімай для іх выступае толькі каталіцкае веравызнанне. А вось тых, хто праз пакаленні захоўвае нацыянальную самасвядомасць, клапоціцца аб тым, каб перадаць яе і сваім дзецям, навучыць іх роднай мове і традыцыям, – зусім няшмат. Але сярод і тых і іншых ёсць клапатлівые і прадбачлівыя бацькі, якія ведаюць, што іх дзеці «абавязкова будуць вучыцца за мяжой» і рыхтуюць іх да гэтага з малых гадоў.
А дапамагае ім ў гэтым Liceum Społeczne – школа, якая заснавана і функцыянуе ў межах дзейнасці міжнароднага грамадскага аб’яднання (PMS). Тут хлопцы і дзяўчаты 12-17 гадоў вывучаюць польскую мову, гісторыю і літаратуру; наведваюць амаль штотыднёвыя тэматычныя імпрэзы з удзелам артыстаў, мастакоў, паэтаў з Польшчы; змагаюцца за перамогу ў шматлікіх конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях, у тым ліку і міжнародных. А ўлетку лепшыя вучні ліцэя могуць паехаць ў Польшчу – ці на экскурсіі па Варшаве, Кракаву і іншых гарадах, ці на «калоніі” (штосці накшталт летняга лагера), ці нават здзейсніць экспедыцыю ў Татры. Усё гэта бясспрэчна пашырае веды пра краіну, павышае ўзровень валодання мовай, спрыяе культурнаму развіццю вучняў і ўсведамленню сабе як часткі польскай культуры.
Займаюцца ў ліцэі ў сярэднім 2-3 гады. Ёсць, праўда, і тыя, хто ходзіць сюды з 6-7 класа і «дажывае» да самага выпускнога. Сустракаюцца сапраўдныя «героі», якім на тое, каб «завязаць» з польскай мовай «сталае сяброўства» і належна падрыхтавацца да ўступных экзаменаў хапае і двух-трох месяцаў.
Па якасці падрыхтоўкі сваіх вучняў да паступлення ў польскія ВНУ Мацежы ствараюць канкурэнцыю яшчэ дзве польскія школы Гародні. Адна з іх – агульнаадукацыйная (№36), другая– Polska Szkola Spoleczna, па сваёй структуры падобная да ліцэя PMS. Такім чынам, вучоба ў польскім ліцэі ці школе для многіх – сур’ёзны і апраўданы шаг на шляху дасягнення галоўнай мэты – атрымаць вышэйшую адукацыю ў Польшчы. Аднак спачатку трэба яшчэ паступіць…
Пра ўступныя іспыты і як стаць польскім студэнтам
Уступныя экзамены для гарадзенцаў праходзяць дзесьці ў сярэдзіне траўня ў Гродна, звычайна ў памяшканні Польскага Кансулята. Працэдура экзаменаў даволі простая. Цягнуцца яны 3 дні. У першы дзень усе, акрамя выпускнікоў польскіх школ, здаюць «польскі падставовы» – экзамен на базавае валоданне польскай мовай (уключае тэст на элементарныя веды польскай граматыкі, пытанні па культуры, аудыраванне).
alt=”Дыплом1″ >
Тыя, хто набірае неабходную колькасць балаў, і выпускнікі польскіх школ, пішуць яшчэ 2 тэсты: першы – па польскай мове ( як «падставовы», толькі ў 2 разы цяжэйшы); другі па накірунках абранай спецыяльнасці – напрыклад, па біялогіі, геаграфіі, матэматыцы, «польскі гуманістычны» (гуманітарны) і інш. На некаторыя гуманітарныя спецыяльнасці здаюць яшчэ і сачыненне. Тэсты правяраюць 2 дні. Тыя, хто тэсты не здаў , могуць паспытаць шчасце яшчэ раз толькі ў наступным годзе. Ну а шчасліўчыкі, якія экзамены здалі станоўча, накіроўваюцца на суразмову, дзе яшчэ раз адначасова паказваюць сваё валоданне мовай і наяўнасць ведаў, патрэбных для навучання па будучай спецыяльнасці. Пасля суразмовы яшчэ некалькі чалавек адсейваецца, але за імі яшчэ застаецца права напісаць апеляцыю, дзе можна растлумачыць прычыны не вельмі ўдалага «выступлення» падчас суразмовы. Звычайна, амаль усе аўтары апеляцый у выніку усё ж трапляюць у лік студэнтаў.
Падводным каменем падчас суразмовы для многіх няўважлівых і занадта амбіцыёзных «maturzystow» (абітурыентаў) можа стаць пытанне кшталту «А ты пасля заканчэння універсітэту збіраешся застацца ў Польшчы, ці вернешся ў Беларусь?». Адказ «застацца» – і суразмова правалена. Бо найпершая ўмова, каб вучыцца ў Польшчы па гэтай праграме, – потым вярнуцца ў Беларусь і карыстацца сваімі ведамі і прафесіяй ужо тут.
Пра «зэрувку» і куды ж далей…
Так, усе экзамены вы здалі станоўча, вытрымалі суразмову, сабралі ўсе астатнія дакументы і медыцынскія спраўкі і даведаліся, нарэшце, «з афіцыяльных крыніц», што вас прынялі. Але куды – адразу вам ніхто не скажа. Амаль усе, жадаючыя стаць студэнтамі польскіх ВНУ, спачатку трапляюць на так званую «зэрувку» – падрыхтоўчы курс, дзе ізноў займаюцца вывучэннем польскай мовы, гісторыі і асноўных агульнаадукацыйных прадметаў (непасрэдна на першы курс трапляўць толькі «выдатнікі»). Па словах саміх навучэнцаў – гэта самы вясёлы і бесклапотны час. Такія падрыхтоўчыя аддзяленні ёсць ў Любліне, Лоддзі і іншых гарадах, па якіх паступіўшых размяркоўвае спецыяльная камісія без уліку іх жаданняў. Ну а трапіць у запаветныя Варшаўскі ці Кракаўскі ўніверсітэты яны змогуць толькі праз год, калі здадуць неабходныя экзамены.
З першых вуснаў…
У якасці заключэння, вернемся да пытання значнасці навучання ў польскіх школах пры паступленні ў ВНУ Польшчы па бясплатнай праграме. Што ж яшчэ, акрамя сталай нацыянальнай свядомасці і лінгвакультурнай кампетэнцыі, будучым студэнтам дае навучанне ў польскіх школах? Пра гэта я вырашыла запытацца ў выпускнікоў ліцэю «Polska Macierz Szkolna», зараз – студэнтаў польскіх ВНУ (дарэчы, два з іх – мае аднакласнікі па звычайнай школе):
Павел (Варшаўскі універсітэт, псіхалогія): Усю інфармацыю пра патрабаванні да ўзроўню ведаў, пра ўмовы паступлення і пра самі ВНУ я атрымаў менавіта ў Мацежы. Раздрукоўкі з неабходнымі інструкцыямі і дадзенымі былі ў нас на руках ужо ўвесну.
Ірына (Варшаўская школа эканомікі, фінансы і крэдыт): Я вучылася ў ліцэі 3 гады. Вядома, за гэты час паспела паўдзельнічаць ва ўсіх конкурсах і алімпіядах па гісторыі, мове, літаратуры і нават стала стыпендыяткай. Узровень ведаў і так быў даволі высокі. Але за два-тры месяцы да пачатку экзаменаў пані Данута пачала рыхтаваць нас менавіта да тэстаў. Тэсты, тэсты, пытанні, адказы… Ведаеце, такая падрыхтоўка згуляла пры здачы на карысць многім.
Андрэй (Кракаўскі ўніверсітэт, сувязі з грамадзкасцю): Ну, можна, канешне, нідзе не вучыцца, самастойна чытаць польскія кніжкі, глядзець тэлеперадачы… Можна нават потым прыйсці на экзамены і паказаць «вышэйшы клас». Але… без «апініі» (характарыстыка вучня, якую дае кіраўніцтва школы) пры залічэнні яшчэ падумаюць, браць цябе ці не браць. А ў выніку правалу на суразмове – Мацеж яшчэ і апеляцыю дапаможа правільна саставіць.
Алена (Люблінскі ўніверсітэт, гісторыя): А як жа самыя лепшыя, самыя надзейныя сябры! На «зерувку» усе мы трапляем ў розныя гарады – Люблін, Лодзь і іншыя. А на асноўнае навучанне і ўвогуле разлятаемся” па ўсёй Польшчы. Але як прыемна ў першыя гады ў незнаёмай краіне, ведаць, што амаль ў кожным буйным горадзе ёсць у цябе беларускія сябры, да якіх ў любы момант можна наведацца ў госці! Што мы ўсе і робім.
Для даведкі: «Polska Macierz Szkolna» (PMS) – грамадскае аб’яднанне, заснаванае на Беларусі 3 снежня 1995 г. на сходзе настаўнікаў польскай мовы і дзеячаў асветы. Асноўныя накірункі дзейнасці: папулярызацыя вывучэння польскай мовы сярод палякаў на Усходзе; усебаковая дапамога настаўнікам польскай мовы; арганізацыя культурных мерапрыемстваў. Адрас: Будзённага, 48а
Liceum Społeczne PMS месціцца ў будынку Польскага Генеральнага Кансулята ў Гародні. Заснаваны перад пачаткам функцыянавання грамадскага аб’яднаня «Polska Macierz Szkolna» на Беларусі. Дырэктар – пані Teresa Kryszyń. Вучні ліцэю з Гродна маюць шмат навуковых і мастацкіх дасягненняў.
Таццяна Данчышына