«Заходи и стар и млад» у студэнцкі інтэрнат

|

Вось ты на парозе дзвярэй, каторыя ўжо чатыры гады запар па некалькі разоў на дзень адчыняюцца перад табою. Ты па звычцы прыкладаеш невялікае фізічнае намаганне і перад табою адчыняецца загадкавы свет студэнцкіх «харомаў».

Не спыняючыся ні на імгненне, накіроўваешся да ліфта і націскаеш кнопку выкліку. Цяпер ёсць час, каб трошкі аглядзецца: адразу кідаецца ў вочы драўляная паліца з ячэйкамі для карэспандэнцыі. Акрамя звычайных лістоў можна ўбачыць вялікую горбу канвертаў з МТСу, Арыфлэйму ды іншых, не зусім вядомых мне, арганізацый ды ўстаноў. Канвертаў з лагатыпам яйка асноўная маса, бо іх ніколі ніхто не забірае, ды і навошта, змест іх ведае кожны студэнт. На сцяне можна ўбачыць рэкламную дошку, на ёй размяшчаюць інфу пра студэнцкія дыскатэкі, а аднойчы адступілі ад традыцыі і павесілі фотавыставу «Самый «чистый» блок». Весела было глядзець, якія «парадкі» заводзяць студэнты ў сваіх пакоях: брудныя шкарпэткі, якія валяюцца на падлозе, горы непамытага посуду, бутэлькі ад алкаголю, горы смецця ў прыбіральнях і г. д.

Каля дошкі з рэкламаю вісіць пара таксафонаў, яўна «не ў тэму», бо ў наш век нават самы бедны студэнт мае мабільнік, ці нават два. Таму таксафоны пакрываюцца слоем пылу.

Прыйшоў ліфт. За 20-30 секунд пад’ёму на 7-мы паверх паспяваеш азнаёміцца са студэнцкім фальклорам на сценах: можаш даведацца, як горача студэнты «любяць” каменданта, хто і калі наведваў гэтую кабінку, можна і слоўнікавы запас павялічыць, бо на эпітэты ў бок «начальства» аўтары такіх графіці не скупяцца. З ліфту ўваходзіш у цёмны калідор правага крыла і адчуваеш, што трапіў «на зону».

Расейскі шансон і гукаўзмацняльная апаратура цяпер галоўныя атрыбуты амаль кожнага блоку. Зусім ня важна, што побач з табою жывуць людзі, каторыя не з’яўляюцца прыхільнікамі такога музычнага накірунку. Калі ў цябе ёсць кампутар, адпаведная музыка і сабвуфер, значыць ты дыджэй і ўсе слухаюць тое, што падабаецца табе.

У канцы калідора ўжо бачыш знаёмыя постаці з цыгарэтамі ў зубах і «духмяны дымок» над іх галовамі. Ты вітаешся, заводзіш гутарку і даведваешся пра апошнія падзеі. Інфармацыя ў нас перадаецца з хуткасю святла. Знаёмыя расказваюць як весела ўчора было на дні народзін. Колькі піва і гарэлкі прыходзілася «на рыла», што падавалі на закуску, хто не вытрымаў выпрабавання вогненнай вадой і правёў ноч у абдымку з унітазам. Можна даведацца і пра колькасць першакурсніц, якія страцілі нявіннасць ад гэтых самых прыхільнікаў «духмянага дымку», прычым з дэталёвым апісаннем усяго працэсу і каментарамі ды парадамі па ўдасканаленні сэксуальнага вопыту. Тут можаш даведацца і пра тое, хто і з кім «заляцеў», калі вяселле, хто ў ліку гасцей. Так на кожным паверсе знойдзецца адзін, або два чалавекі, каторыя з вялікай ахвотай азнаёмяць цябе з апошнімі падзеямі. Мы такіх называем «ВВС».

Даведаўшыся апошнія навіны, ты заходзіш у свой пакой і плануеш, чым заняць сябе ў бліжэйшыя некалькі гадзін. Можна зайсці да суседзяў ў госці і павялічыць інфармацыйную базу, а калі пашчасціць, дык і трошкі падсілкавацца. Пры такім раскладзе застаецца гадзінка-другая, каб паспаць.

Увечары, калі атрымаецца так, што фінансавы крызіс застане тваіх калег і грошай не будзе на чарговую гулянку, то можна прыступіць да навукі, або пачытаць якую-небудзь кнігу, а потым, выпіўшы кубачак гарбаты, забурыцца пад цёплую коўдру і чакаць прыходу новага дня, каторы наўрад ці прынясе вялікія змены ў студэнцкае жыццё…

Ян Габіс