Шапікі-чытальні
На пытанне, чаму гэта адбылося, прадаўцы шапікаў адказвалі няўпэўнена, ніхто не даў канкрэтнага адказу. Адныя гаварылі, што выйшла нейкая пастанова Савета Міністраў, другія казалі пра Ўказ Прэзідэнта. Але ніхто не мог сказаць дакладна, чыя гэта ініцыятыва, чым яна абгрунтаваная і што пагражае за яе невыкананне.
На самой справе, з’яўленне на вітрынах слоў «пра цыгарэты» замест наяўных пачак звязана з тым, што з 16 лютага ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў РБ №26 «Аб некаторых пытаннях абароны правоў спажыўцоў» ад 14 студзеня 2009 года. У адпаведнасці з гэтым дакументам, забаронена выстаўляць узоры тытунёвых вырабаў на вітрынах гандлёвых аб’ектаў, агляд якіх магчымы звонку.
Ці адлюстравалася гэтая мера на колькасці цыгарэт, якую прадаюць за дзень, прадаўцы кіёскаў дакладна сказаць не могуць. Але вось на ўмовах працы новаўвядзенне адлюстравалася аднолькава: у першыя дні спажыўцы (якіх так шчыра абараняе Савмін) скардзіліся і злаваліся, бо новаўвядзенне выклікала пэўную нязручнасць. Пакупнік замест кароткага позірку на вітрыну, вымушаны «чытаць» назвы, які надрукаваныя не вялікім шрыфтам на лістку паперы побач з акенцам прадаўца. А калі чарга? Распіхваць усіх, каб паглядзець, стаяць далей, ці не?
На першы погляд, кіраўніцтва дзяржавы зноў робіць крок у бок здаровага ладу жыцця. Не так даўно было забаронена прадаваць піва ў шапіках, сёння вырашылі ўзяцца за цыгарэты. Але чаму і ў тым і ў другім выпадку гэта не тычыцца крамаў? У крамах цыгарэты стаяць над касамі і няма ніякіх спісаў. Піва таксама – на любы густ. Усё гэта нагадвае нейкі прыгнёт шапікаў з боку дзяржавы. У Мінску ўсе кіёскі ўжо ўвогуле зніклі, цяпер чарга за абласнымі цэнтрамі? Пытанняў шмат, а адказ – адзін: ці думае нехта пра мэтазгоднасць такіх пастаноў?
Ілля Рог