З ягнят у ваўкі
“Мы едзем у Францыю з аптымізмам. Мы правялі добрыя матчы, у нас добрыя вынікі, наш футбол развіваецца, і зараз мы збіраемся ўвасобіць гэта ў вынік. – Канешне, у гульне супраць Францыі мы будзем аўтсайдэрамі, але ж мая задача натхніць гульцоў аптымізмам” – кажа трэнер у інтэрвью “Камсамольскай праўдзе”.
Аптымізмам натхняюць не толькі словы Штанге, але і вяртанне спазніўшыхся да пачатку збору братоў Глебаў. Не трэба забываць, што ў сваю чаргу каманда Францыі паслабленая выбываннем колькіх асноўных гульцоў.
На кожнай прэс-канферэнцыі Штанге выпраменьваў аптымізм, успамінаў перамогу над зборнай Францыі з камандай ГДР, якой ён кіраваў і запэўніваў, што зрабіў для зборнай усё, што мог.
Аднак рэалізм таксама прысутнічае: “Французы паспрабуюць змыць ганьбу пасля правалу ў ПАР. Я не ведаю, якая ў іх зараз каманда, аднак тое, што яны моцныя індывідуальна – бясспрэчна. Кожны з іх каштуе мільёнаў дзесяць мінімум. А наш Пуціла – 225 тысяч“, кажа трэнер.
Сёння а 22:00 зборная Беларусі ўпершыню ў сваёй гісторыі выйдзе на знакаміты “Стад де Франс”, дзе супрацьстаяць ім будуць не толькі адзінаццаць гульцоў вышэйшага ўзроўню, але і 73 тысячы заўзятараў.
З Беларусі на матч куплена толькі трыста квіткоў.