Ці існуе журналісцкая салідарнасць?
Дата была заснавана ў 1958 годзе Міжнароднай арганізацыяй журналістаў у памяць пра свайго чэшскага калегу Юліуса Фучыка, закатаванага гітлераўцамі 8 верасня 1943 года.
Яго неўміручыя словы перасцярогі — «Людзі, будзьце пільныя!» — і сёння з’яўляюцца для беларускіх журналістаў асабліва актуальнымі.
Ці існуе журналісцкая салідарнасць і ў чым яна праяўляецца? За адказам на гэта пытанне “Твой стыль” звярнуўся да некаторых беларускіх журналістаў.
align=”left” >Алесь Залеўскі, тэлежурналіст “Белсат” : Я лічу, што салідарнасць базуецца на падзеле агульных каштоўнасцей. І найбольш яна праяўляецца, калі гэтыя каштоўнасці знаходзяцца пад пагрозай.
Напрыклад, журналісты “Беларускай асацыяцыі журналістаў” праяўляюць салідарнасць, бо каштоўнасці, якія яны падзяляюць (аб’ектыўнасць, права на ўласную думку), у нашай краіне знаходзяцца пад пастаянным прэсінгам, ціскам, абмежаваннем. У той жа час не памятаю, напрыклад, каб Саюз беларускіх журналістаў выступіў у абарону беспадстаўнага ціску на журналіста, беспадстаўнага звальнення свайго калегі. Не ведаю, ці для іх такія факты проста адсутнічаюць ці яны не маюць агульных каштоўнасцей.
Думаю, у Беларусі гэта сітуацыя знікне тады, калі знікне ціск на СМІ і прэса стане свабоднай.
Надзея Завіноўская, газета “Вечэрний Гродно” : Журналісцкая салідарнасць ёсць. Найбольш яна праяўляецца ў крытычных, складаных сітуацыях.
Прыкладам такой салідарнасці для мяне з’яўляецца тое, як журналісты не паверылі ў афіцыйную прычыну смерці свайго калегі Алега Бябеніна і распачалі ўласнае следства.
Журналісцкая салідарнасць праяўляецца кожны дзень. Мы ў рэдакцыі дапамагаем адно аднаму: падказваем тэмы для матэрыялаў, крыніцы інфармацыі, даем розныя парады, у тым ліку як лепш напісаць матэрыял.
Прыкладам адсутнасці журналісцкай салідарнасці я лічу такія сітуацыі, калі прадстаўнікі гарадзенскіх СМІ падчас нейкіх мерапрыемстваў не падтрыміваюць адно аднаго, а нападаюць на сваіх калег-“канкурэнтаў”, скланяюць імя іншага выдання ў сваім выданні.
Алесь Кудрыцкі, газета “Наша ніва”:
Журналісцкая салідарнасць, безумоўна, існуе, прычым паміж усімі журналістамі, не толькі з Беларусі.
Часта здараецца, што хтосьці з калег звяртаецца за дапамогай, і я дапамагаю.
Прыкладам журналісцкай салідарнасці я лічу пахаванне кіраўніка сайта “Хартыя-97” Алега Бябеніна, калі прысутнічалі журналісты са многіх выданняў.
У сувязі з Міжнародным днём салідарнасці журналістаў БАЖ выступіў з заклікам да сваіх калег быць пільнымі і салідарнымі ў сваёй справе. Падрабязней тут.
Ілюстрацыя з сайта http://www.zwm-speyer.de