Пра сала, “вялікага слана” і нязведаную зямлю Беларусь
У час вандроўкі па нашай краіне госці наведалі ў тым ліку і Гарадзенскую вобласць, дзе знаёміліся з агратурыстычнымі сядзібамі, месцамі, звязанымі з габрэйскай культурай.
Ізраільская інтэрнэт-газета Izrus апублікавала днямі ўражанні ўдзельнікаў візіту.
Лорэнс Рыфкін (The Jerusalem Post):
– Беларусь – цікавае месца, цнатлівая зямля, якую яшчэ трэба асвоіць.
– Я адчуваю сябе Марка Пола, – кажа рэдактар турыстычнага выдання Travel News Гіёра Нэйман. – Пра Польшчу мы ведаем шмат, пра суседнюю Украіну – таксама, а вось Беларусь заставалася для нас нязведанай зямлёй”.
На думку Ітая Шэво, прадстаўніка турыстычнага выдання Educational, “гэтая краіна падыходзіць для тых, хто любіць прыроду, далёкія вандроўкі. Зразумела, ёсць і недахопы – людзі не ведаюць замежных моваў, няма паказальнікаў на ангельскай, але з іншага боку, гэта ператварае вандроўку ў каларытную прыгоду”.
-У гэтай краіны ёсць патэнцыял, але каб яго развіць спатрэбяцца гадоў 5-10, а то і 15. Пачатак абяцальны: чысціня, людзі прыемныя, для турыстаў з заходніх краін усё падаецца танным, – адзначае рэдактар выдання The tourist guide magazine Ілан Шхоры. – Шкада, што мы не ўбачылі больш месцаў, звязаных з габрэйскай гісторыяй, бо тут нарадзіліся тры былыя прэзідэнты і два прэм’ер-міністры Ізраіля. Але ў цэлым у мяне засталася маса цікавых уражанняў .
З беларускіх звычаяў, як вынікае з артыкулу, ізраільскіх журналістаў найбольш уразілі самагонка (“Пры словах “трэці тост” ужо праз дзень-два карэнныя ізраільцяне як па камандзе ўскоквалі, таму што “за жанчын п’юць стоячы, гэта мы таксама зразумелі”, – смяецца журналіст газеты “Гаарец” Мошэ Гілад) і сала (“Свіны тлушч? Яго, што, есці? Не, я адмаўляюся, мяне потым лепшыя хірургі не ўратуюць, гэта ж закупорка венаў!” – у жаху усклікнуў той жа Гілад, даведаўшыся, што знаходзіцца ў маленькай талерцы ў цэнтры стала).
У апошні дзень тура журналісты былі запрошаныя ў мінскі Прэс-цэнтр, дзе падзяліліся сваімі ўражаннямі з мясцовымі калегамі.
Ізраільцяне наперабой хвалілі гасціннасць беларусаў, чысціню гарадскіх вуліц і прыгажосць прыроды, але палічылі патрэбным выказацца і аб недахопах.
Галоўнай праблемай яны назвалі адсутнасць шыльдаў на англійскай мове і тое, што ўсе падораныя ім турыстычныя буклеты і праспекты напісаныя выключна на рускай і беларускай мовах.
– З такім жа поспехам іх маглі складаць для замежнікаў на мове папуасаў, – адзначыў адзін з ізраільскіх журналістаў.
Палітычныя пытанні на працягу ўсёй паездкі не закраналіся.
– Краіна мяне прыемна здзівіла, але калі турыста тыдзень катаюць і кормяць, узнікае адчуванне, быццам асвятляюць толькі адзін куток вялікага пакою, а ўсё астатняе застаецца схаваным для вачэй, – адзначыў Роі Арад з газеты “Едзіот Ахранот”.
Палітыка была як вялікі слон , які прысутнічае ў памяшканні, але пра яго не размаўляюць.Затое самі людзі мне вельмі спадабаліся. Я чакаў, што яны будуць замкнёнымі, думаў, што будзе шмат бюракратыі, шмат паліцыянтаў на вуліцах, але аказалася, што гэта не так. Людзі там адкрытыя, душэўныя, добрыя. Мяне гэта шчыра здзівіла, і вельмі спадабалася.
Прэс-тур для ізраільскіх журналістаў, якія пішуць пра турызм, быў арганізаваны Міністэрствам спорту і турызму Беларусі, грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак у вёсцы” і падтрыманы амбасадамі Беларусі ў Ізраілі і Ізраілю ў Беларусі.
“Твой стыль” папрасіў падзяліцца сваімі ўражаннямі ад прэс-туру адну з яго арганізатарак, кіраўніцу грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыю Кліцунову (на здымку побач з старшынём гарадзенскага аблвыканкаму Сямёнам Шапірам):
>
– Мы зрабілі сапраўдны падарунак нашай краіне, арганізаваўшы гэты візіт.
У склад групы ўваходзілі ізраільскія журналісты, якія пішуць на іўрыце, па-ангельску і па-руску. Выданні, у якіх яны працуюць, ахопліваюць фактычна ўвесь ізраільскі рынак.
Ва ўдзельнікаў прэс-тура засталося вельмі прыемнае ўражанне ад краіны. Іх кранула нашая гасціннасць, добразычлівасць. Самае галоўнае зараз – выкарыстаць вынікі візіту.
– Як гэта можна зрабіць?
– У лютым у Ізраілі будзе вялікая турыстычная выстава, дзе будзе магчымасць прадставіць Беларусь. Трэба, каб туды паехалі людзі, якія не проста прастаяць у куточку, а тыя, хто годна прадставіць краіну, яе аграмадны турыстычны патэнцыял.
Трэба зрабіць добры стэнд, узяць з сабой фальклёрныя гурты, каб імя Беларусі грымела на выставе!
Паралельна трэба працаваць з нашымі турфірмамі, якія маглі б прымаць ізраільскіх турыстаў. Ізраільцян цікавяць нашыя веламаршруты, магчымасці сплаву на байдарках і многія іншыя турыстычныя магчымасці. Адпачынак у нас будзе добрай альтэрнатывай спякотнаму ізраільскаму лету.
Трэба толькі добра папрацаваць над паляпшэннем інфраструктуры турызму, зрабіць бясплатнымі візы для ізраільцян.
– У час прэс-туру Вы сустракаліся са старшынёй гарадзенскага аблвыканкаму Сямёнам Шапірай. Якое ўражанне пакінула гэтая сустрэча?
– Вельмі прыемнае. Спадар Шапіра падаўся адкрытым чалавекам, які любіць сваю справу, мае багата планаў, у тым ліку – па развіцці супрацоўніцтва з Ізраілем.
Увогуле, Гарадзеншчына была адным з самых цікавых месцаў на мапе прэс-туру. Я вельмі спадзяюся, што вобласць зможа годна прадставіць краіну на лютаўскай выставе ў Ізраілі.
Фота: Izrus