Аксамітны «несезон»
Былі ж там таксама і поўныя пазітыўнай энергіі канцэрты.
Няладнае адчувалася ад самага пачатку, калі чаканая маршрутка на фестываль усё не прыязджала. Потым аказалася, што яна стаіць побач з прыпынкам, ніяк не азнакаваная, а кіроўца-жлоб кудысьці сышоў.
Вярнуўшыся, ён запатрабаваў або набраць 18 чалавек, або заплаціць 60 тысяч, незалежна ад колькасці пасажыраў, інакш ён нікуды не едзе. Калі, нарэшце, мы пачалі рухацца, аматар Радыё Рокс ды падобнай музыкі ўключыў жахлівы ў сваёй прымітыўнасці шансон з сінтэзатарным акампанементам. Ён яўна не ведаў, куды вязе людзей.
У парку прыгод «Крутагор’е», дзе адбываўся фестываль, насцярожыла малая колькасць наведнікаў. Бар, які павінен быў замяніцца ў прэс-цэнтр, захапілі ўбогія карпаратыўшчыкі, якія раздавалі бліскучыя стрыптызёрскія капялюшыкі. Намётавае мястэчка складалася з чатырох намётаў.
Пасля саўндчэку, са спазненнем на некалькі гадзін, на галоўнай сцэне зайграў цікавы клезмерскі гурт «Morfe Acoustic Band». Музыкі, здаецца, значна лепш пасавалі б да якога сярэднееўрапейскага джазавага фэсту чым да нашых шыротаў. Іх было неяк нават шкада: пад сцэнай ўсяго некалькі дзесяткаў чалавек, у большасці журналістаў, не надта ахвотных да танцаў.
Якіх сто метраў далей стаяў намёт клуба Графіці, дзе самотны ды-джэй граў для сябе самога сумныя міксы. Вакол мангала, што стаяў побач, грэліся, быццам амерыканскія бамжы, тыя, каго не надта сагравалі танцы пад сцэнай.
Другая, меншая сцэна, што выглядала як пакошаны парнічок пад памідоры, гэтак і не запрацавала ў першы дзень, а там павінны былі граць не менш цікавыя гурты, сярод якіх былі мае фаварыты: «Botanic Project» і «Port Mone».
Тым часам, на галоўнай сцэне, да якой ужо падышло паболей чалавек, распачаў выступ адзін з цікавейшых беларускіх гуртоў – дуэт «Гурзуф», які ўжо два гады не граў на радзіме. Акардэаніст і бубнач разам стваралі столькі разнастайных гукаў, што здавалася, быццам грае цэлы аркестр.
Пакуль журналісты выпытвалі сышоўшых са сцэны гурзуфаўцаў пра нудныя справы, накшталт назвы гурта і музычных густаў, нешматлікіх наведвельнікаў фэсту забаўлялі псіхадэлічны фолк-гурт «Нагуаль», ды альтэрнатыўныя папсавікі «Кассиопея» (на здымку ніжэй).
Ім удалося сцягнуць пад сцэну хіба што ўсіх, каго не напужала надвор’е, але яшчэ большыя натоўпы прыйшлі пазней, каб паслухаць кабарэ-бэнд «Серебряная Свадьба» (на здымку ніжэй).
Цэлы міні-аркестр пад кіраўніцтвам неверагодна харызматычнай, жывой і жыццярадаснай Святланы Бень, ратаваў ад холаду, прымусіўшы ўсіх плясаць.
Пакуль журналісты мучалі Беньку і Арцёма Залескага – бубнача «Свадьбы» ды «Гурзуфа» – пытаннямі пра існаванне ў Беларусі культурнага гета і асабістыя рэлігійныя погляды, слухачоў сагравалі гітарныя рыфы хлопчыкаў-мажораў з «The Toobes» і постпанк/індзі гурта «Петля пристрастия». Ужо даўно пераваліла за поўнач і пад сцэнай засталіся толькі самыя адданыя, або тыя, каму не хапала месца пагрэцца ў прэс-цэнтры ці чылаўт-намёце. Мы мерзлі ў намёце, але, будучы на нагах ад 7 раніцы, нават любімыя гукі ню джазу ад «CherryVata» не маглі выцягнуць пад сцэну.
Другі дзень абяцаў лепшае надвор’е і большую колькасць наведвальнікаў, але таго трэба было яшчэ дачакацца. Тыя, хто застаўся ночыць, сноўдаліся па ваколіцы, знаёміліся паміж сабой, нехта катаўся на конях.
Бліжэй да вечару з’явіліся адныя з герояў першага дня: два хлопчыкі ў куртках Velcom, працай якіх было безнадзейнае бадзянне туды-сюды з вэлкомаўскімі сцягамі. Недалёка можна было атрымаць шнурок ад гэтага самага аператара, усяго толькі ўскараскаўшыся на дваццаціметровую сцяну (!).
Нарэшце запрацавала другая сцэна, адчыніліся некаторыя дадатковыя намёты, але і так іх было значна менш, чым чакалася. Галерэя Падземка спакавала рэчы і вярнулся ў Мінск. Больш людзей, здаецца, не прыехала. Недзе гучала рэгі, у іншым месцы трэніраваліся капаэйршчыкі. На сцэне наладжваліся гурты.
>
Праўдзівую цікавасць выклікалі хіба што два з іх. Украінскі «Pur:Pur» (на здымку вышэй), музыкі якога яўна аматары Торы Эймас, Нірваны, індзі, лёгкага джазу ды эксперыментаў з вакалам і хэдлайнеры ўсяго фэсту – аўстрыякі з «Parov Stelar Band».
Апошнія ўдала спалучаюць ды-джэйскія сэты з гучаннем жывых інструментаў, граючы нешта, што музычныя журналісты назвалі электрасвінгам. Тут і стала зразумелым, каго чакала публіка, якая ў адначассе ператварылася ў адзіную жывую масу.
На сцэне салістка «Parov Stelar Band»
Пасля выступу Парова адбылося нешта зусім няўцямнае. Пакуль журналісты даймалі гурт пытаннямі, на сцэну мелі ізноў выйсці «CherryVata» ў пашыраным складзе, ды і наогул да самай раніцы мела зайграць яшчэ колькі гуртоў. Але, раптам і нечакана, пачалі складаць галоўную сцэну ды вывозіць апаратуру. Людзі пацягнуліся да маршрутак і праз нейкі час стала зразумела, што фестываль скончыўся. Арганізатары адмовіліся ад чаканага брыфінгу, таму даведацца, што ж сапраўды здарылася, было немагчыма. Маршрутчык-жлоб ізноў чакаў ля брамы.
Што маем у выніку? Цікавы паводле канцэпцыі і музыкі фестываль, якому надзвычай не пашанцавала з надвор’ем. Музычна бездакорны, арганізацыйна падазроны, паводле колькасці наведнікаў – няўдалы. Яшчэ адзін чарговы опэн-эйр.
Фота Алесі Бяленік