“Адновім Каложу разам”. Толькі ў якім выглядзе?

| Без катэгорыі

Дыскусіі вяліся як у час мерапрыемстваў у межах Дзён Еўрапейскай спадчыны, якія ладзіліся ў Гродне 3-5 верасня, так і ў час урачыстага старту акцыі “Адновім Каложу разам” ля сцен старажытнага храму.

Свята-Барысаглебская (Каложская) царква – адна з найстарэйшых ацалелых да нашых дзён цэркваў у паўночнай Еўропе, з’яўляецца шэдэўрам гарадзенскай архітэктурнай школы.

У выніку павадкаў на Нёмане ў ХІХ ст. храм моцна пацярпеў: былі страчаны дах, паўднёвая сцяна і частка заходняй.

У 1896-1906 гг. былі праведзены аднаўленчыя работы, у выніку якіх Каложа атрымала сучаснае аблічча. Першыя крокі па аднаўленні першапачатковага выгляду царквы былі зробленыя ў 2000-2005 гадах.

 

Тады быў умацаваны бераг Нёману, распрацаваны архітэктурны праект аб’екту, праведзена яго экспертыза і пачата распрацоўка будаўнічага праекту. Аднак работы былі прыпынены з-за адсутнасці фінансавых сродкаў.

Зараз нібыта грошы ёсць і мясцовыя ўлады арганізавалі публічнае абмеркаванне праекту рэканструкцыі.

На думку навуковага кіраўніка аб’екту Генадзя Лаўрэцкага, найлепшым выбарам уяўляецца графічная рэканструкцыя страчанага фрагменту сцен, якая ніяк не павінна перашкаджаць прыхаджанам успрымаць аўтэнтычны фон помніка ХІІ стагоддзя.

Адноўленая частка не будзе падробкай пад даўніну. Яна будзе ахоўваць царкву ад разбурэння.

 

Гэта будзе помнік помніку – адзначае спецыяліст.

 

Гісторык Андрэй Вашкевіч, аднак, лічыць інакш. На яго думку, прапанаваны “Грамадзянпраектам” план рэканструкцыі з’яўляецца ганьбай для гораду.

 

Гарадзенскія ўлады заклікаюць далучыцца да аднаўлення Каложы ўсіх жадаючых. Ужо створаны дабрачынны рахунак для збору сродкаў ад грамадзян і юрыдычных асоб. Для збору грошай будуць ладзіцца адмысловыя дабрачынныя акцыі, латарэі, суботнікі.

 

Намесніца старшыні гарадзенскага гарвыканкама Ірына Сенчанкава ў час свайго выступу ля сцен Каложы заклікала далучыцца да акцыі мастакоў, навукоўцаў, прадпрымальнікаў.

>

Ідэю рэканструкцыі Каложы падзяляюць далёка не ўсе гарадзенцы. На думку вядомага краязнаўцы Ігара Лапехі, рэалізацыя прапанаванага праекту будзе звычайным марнаваннем грошай.

 

– Каложа зараз знаходзіцца ў стабільным стане. Яе знешні выгляд па-ранейшаму прываблівы для турыстаў, храм дзейнічае.

 

Калі ўсё ж брацца за рэканструкцыю, то трэба зрабіць так, каб не парушаліся яе асноўныя прынцыпы. Напрыклад, не рабіць аніякай стылізацыі “пад ХІІ-е ст.”, каб не ўводзіць у зман недасведчаных людзей, якія будуць блытацца, ці то яны бачаць арыгінальныя парэшткі храма ці “стылізаваныя па даўніну” падлогу, плінфу і г.д. – мяркуе спецыяліст.

 

Фота Асі Брындзы