“Сначала классы вам подай, потом русскоязычных расстреляете”

Дваццаць тры адсоткі жыхароў Беларусі (2 млн. 227 тыс. чалавек) выкарыстоўваюць для стасункаў беларускую мову. Гэта дадзеныя перапісу насельніцтва, агучаныя днямі Нацыянальным статыстычным камітэтам.

На рускай мове дома размаўляе 70% насельніцтва. Пры гэтым беларускую мову ў якасці роднай назвалі 5 млн. 58,4 тыс. чалавек (53,2%). Рускую мову ў якасці роднай назвалі 3 млн. 948,1 тыс. жыхароў краіны.

 

Здавалася б, пры прыкладна аднолькавай колькасці тых, хто вызнае роднай мовай рускую ці беларускую, пры РОЎНЫМ дзяржаўным статусе абедзьвух моваў, у краіне павінны быць забяспечаныя і роўныя правы на адукацыю на роднай мове. Але…

 

Навучальны год у Гродне пачаўся з пікету ля гарвыканкама з патрабаваннем адкрыць у горадзе беларускамоўны клас (хоць адзін! Задумайцеся!).

>

Такі малюнак, які ілюструе стаўленне ўладаў да беларускай мове, намаляваў калісьці карыкатурыст tut.by

 

Гэта ўжо не першая спроба беларусаў дамагчыся КАНСТЫТУЦЫЙНАГА права на адукацыю сваіх дзяцей на беларускай мове.

 

У канцы 90-х такога права праз суд спрабаваў дамагчыся вядомы гарадзенскі мастак Юрась Мацко. Марна.

 

Летась цэлую кампанію за стварэнне беларускамоўных груп у дзіцячых садках разгарнуў грамадскі актывіст, выкладчык універсітэту імя Янкі Купалы Ігар Кузьмініч. Марна.

 

Сёлета з вясны перамовы з гарадзенскімі ўладамі наконт стварэння беларускіх класаў вялі актывісты грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай школы”.

 

Адпаведныя лісты былі скіраваныя да ўпраўлення адукацыі аблвыканкаму, адбылося некалькі сустрэч з чыноўнікамі.

Усе прызнаюць, што адсутнасць беларускіх садкоў, школаў ці хоць класаў – гэта кепска, што гэтым нельга ганарыцца. Але далей за словы справы не ідуць!

 

На думку кіраўніцы гарадзенскай арганізацыі “Таварыства Беларускай Школы” Таццяны Канопкінай, перашкодай для развіцця беларускага школьніцтва ў Гродне з’яўляецца не толькі неразваротлівасць чыноўнікаў, але і пазіцыя многіх бацькоў:

 

– Праблема пакуль у бацькоўскіх галавах. Многія з іх думаюць: а куды далей пойдуць іх дзеці пасля беларускай школы?

Для тых, хто ходзіць на заняткі ў польскія грамадскія школкі ўсё зразумела – іх шлях – на Захад, а тут…  Гэтае пытанне першым задаюць на бацькоўскіх сходах у садках… – кажа сп-ня Таццяна.

 

Пікет у абарону права на навучанне па-беларуску выклікаў буру водгукаў у гарадзенскай інтэрнэт-прасторы. Многія “каментатары” цалкам падтрымліваюць пазіцыю ўладаў адносна беларускай мовы ў школе. Вось толькі некаторыя з іх (арыгінал захаваны):

 

– Все, почти все говорят на русском у нас в Гродно! Редкость беларусского и если я родитель, учу ребёнка русскому, он слышит, как я разгавариваю и всаду учат тому же, зачем в школе ломать его?

 

– Язык родной учить надо и полезно, но не больше чем в обычном классе, пока мы будем учиться и говорить на умирающем языке, мы так и останемся среди стран хрз какого мира, учите английский в школе лучше!!!

 

– Какую нормальную работу может гарантировать знание белорусского? Да никакую. Если только в аппозиционных партиях РБ и то не всех. А за рубежом никакой работы знаток такой не получит. Кто за рубежом (из переводчиков) изучает бел. мову? НИКТО, потому как нет надобности.


– По вашей (любителей бел. яз.) схеме в языке надо революцию устраивать. Сначала классы вам подай, потом школы захотите, потом универы, потом заводы, потом русскоязычных и тех у кого с вами взгляды не совпадут расстреляете, вышлите или еще чего и так по цепочке сядете народу на голову и ноги свесите. Не много хотите?

 

Уявіць сабе такога кшталту каментары і ўвогуле дыскусію вакол ДЗЯРЖАЎНАЙ мовы можна сёння толькі ў Беларусі.

 

Калісьці ў ХІХ ст. расійскі губернатар Віленскага краю Мураўёў сказаў, што тое, што на гэтай зямлі не дарабіў расійскі штык – даробіць расійская школа.

 

Нягледзячы на аптымістычныя ў цэлым вынікі чарговага перапісу насельніцтва, пасля чытання прыведзеных вышэй каментароў міжволі думаеш, ці не пройдзена ўжо тая самая “кропка невяртання”, пасля якой ужо нічога нельга павярнуць назад…