Гасціннасць беларусаў не мае межаў
Вынікі былі агучаныя на прэс-канферэнцыі ў чацвер 26-га жніўня, а ў пятніцу журналістаў і арганізатараў запрасілі на ўласныя вочы ўбачыць канал і ацаніць паспяховасць выкананых працаў. Беларусы і палякі (колькасць якіх у чатыры разы перавышала колькасць беларусаў) з’ездзілі на Аўгустоўскі канал, дзе ўвесь дзень каталіся на байдарках ці проста размаўлялі.
…Спачатку едзем на кароткую экскурсію, у часе якой наведваем падгарадзенскія фарты і зруйнаваны палац у Свяцку. Потым пераязджаем у вёску Нямнова, дзе знаходзіцца база і адкуль пачынаецца сплаў. Там нас частуюць сэндвічамі і цукеркамі, бачна, што ўдзельнікам гэта падабаецца. Трэба сказаць, што арганізатары экскурсіі паклапаціліся пра тое, каб ніхто не адчуў сябе дрэнна.
Большасць удзельнікаў захацела катацца на байдарках – пешая ды роверавыя эксурсіі не карысталіся такой папуларнасцю. Пачынаем рыхтавацца. Выбіраем байдаркі – усе яны жоўценькія, з налепкай праекту, апранаем камізэлькі бяспекі. Тыя, хто плыве ўпершыню, праходзяць кароткае навучанне і яму выдзяляюць інструктара. Па слізкай траве спускаемся да байдарак. Нарэшце, сплаў пачынаецца.
Сплаў трывае больш за дзве гадзіны. Спачатку байдарачнікі асцярожна плывуць праз неглыбокую рэчку, сочачы за гэтым, каб не ўдарыць у дно ці дрэва. Вось гэты фрагмент патрабуе ад удзельніка пільнай увагі. Калі скончыцца рэчка, пачынаецца Нёман. Сплаў па Нёмане – хіба ці не лепшы атракцыён каналу. Толькі там байдарка набірае сапраўдную хуткасць і таму праз доўгі час можна не спыняцца. Спыніцца трэба каля беларуска-літоўскай мяжы, дзе размешчаныя шлюзы. У іх чакаем пакуль падымецца ўзровень вады і будзе магчыма выплыць на спакойную раку. Пачынаецца дождж, хаця нам ён не замінае. Далей за шлюзамі даплываем да гідрастанцыі, месца, дзе трэба перанесці байдаркі на рэчку. Варта адзначыць, што нам ахвотна ў гэтым дапамагаюць. Апошнія хвіліны сплаву – зноў цяжкі адрэзак, дзе камяні і дрэвы.
Удзельнікам маршрут спадабаўся, яны яшчэ доўга ў час абеду, дзяліліся ўражаннямі. Здаецца тыя, хто выбраў іншы сродак перасоўвання – пашкадавалі. Яны проста шпацыравалі ці ездзілі па ваколіцы, вядома, прыгожай, але не настолькі цікавай. Аліна з Сувалак расказала пра свае ўражанні і думкі не толькі ад каналу:
– Кожная супраца збліжае народы, людзі знаёмяцца паміж сабой не толькі на высокім палітычным узроўні. Час стварэння бар’ераў мінуў і варта вярнуцца да добрай традыцыі сяброўства паміж нашымі краямі. Я ўпершыню плыла па Нёмане і гэта мне запомніцца назаўжды. Былі месцы, якія патрабавалі высілкаў, хаця ў прынцыпе маршрут даволі лёгкі. Мушу сказаць, што беларускі бок вельмі дапамагаў і я буду доўга гэта ўспамінаць. Затое дождж я назвала б дажджом польска-беларускага сяброўства.
Аўгустоўскі канал узнік у першай палове ІХІ ст. як гандлёвы шлях. У савецкі час пачаўся заняпад, якому вырашылі даць канец. Зараз ён выкарыстоўваецца як турыстычная забаўка. Мацей Амбросевіч, які абараніў у Польшчы кандыдацкую працу пра Аўгустоўскі канал цешыцца тым, што водны маршрут зноў пачынае жыць:
– Упершыню я быў тут каля дзесяці год таму. Тады Канал быў у зруйнаваным стане, нават вады ў ім амаль не было. На працягу некалькіх год Аўгустоўскаму каналу вярнулі жыццё. Я меў магчымасць удзельнічаць у першым сплаве пасля адкрыцця каналу з беларускага боку ў 2006 годзе. Супрацоўніцтва на памежжы павінна развівацца, ня трэба абмяжоўвацца байдаркамі, на канале можна стварыць турыстычны флот. Назіраю за развіццём каналу, стараюся рэкламаваць гэтыя месцы, паказаць, што варта сюды прыехаць – тут мілыя людзі, добрая ежа і пітво, захапляльная прырода.
Вядома, спадар Мацей не памыляецца – гасціннасць беларусаў ня мае межаў, што і адзначалі ўсе астатнія. Ён толькі не прыкмеціў за гасціннасцю беларусаў, што акрамя збудавання з байдаркамі тут мала што яшчэ ёсць. Увогуле, можна сумнявацца ці звычайнаму турысту было б тут так зручна. Гэтае месца не нагадвае цэнтру рэкрэацыі, куды можна раптам прыехаць, захацеўшы пакатацца на байдарцы. Невялічкае збудаванне – гэта хутчэй за ўсё офіс, у другім будынку захоўваюць байдаркі. Паблізу няма крамы ці пункту, дзе можна падсілкавацца. Гэта азначае, што ўсё трэба браць з сабой.
Пасля сплаву мы свабодна кантактавалі, гутарылі. У адным месцы сабраліся польскія мэры гарадоў, вышэйшыя чыноўнікі з польскага і беларускага бакоў, якія праццуюць у сферы памежжа. Было бачна, што яны знаёмыя, дамаўляюцца на сустрэчы, успамінаюць, жартуюць. Склалася ўражанне, быццам яны старыя сябры – і гэта добра. Мэр гораду Ліпска расказвала пра свае імкненні адчыніць пемежны пераход у сваім горадзе, іншыя – пра свае планы. Абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, культуры ды турыстыкі. Атмасфера была свабоднай і сяброўскай, таму не хацелася вяртацца ў Гродна. Трэба спадзявацца, што Аўгустоўскі Канал будзе развівацца ў добрым кірунку і неўзабаве стане месцам актыўнага адпачынку, дзе будуць прыязджаць турысты з абодвух бакоў польска-беларускай мяжы.
Фота http://www.tric.info