Ідзе негалосная падрыхтоўка да выбараў
Так, ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы ў Гродне ўжо з тыдзень цішком размаўляюць пра тое, што выбары будуць ў снежні, а ў кастрычніку адбудзецца Народны сход, на якім звычайна Аляксандр Лукашэнка прадстаўляе сваю прэзідэнцкую перадвыбарчую праграму.
Сёння рэдакцыя “Твайго стылю” атрымала інфармацыю з Ваўкавыска. Гаворка ў ёй ідзе пра нараду ў райвыканкаме з намеснікамі дырэктароў прадпрыемстваў па ідэалагічнай працы. Удзельнікаў нарады абавязалі прадставіць да 10 верасня спісы асобаў, якія будуць уключаныя ад прадпрыемстваў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.
У канцы жніўня начальнік аддзела ідэалогіі Ваўкавыскага райвыканкама на аналагічнай нарадзе папярэдзіў прысутных, што хутка пачнецца выбарчая кампанія і ўсе павінны быць пільнымі – сачыць, каб на прадпрыемствы не траплялі агітатары “не за таго кандыдата” і каб не распаўсюджвалася непажаданая друкаваная прадукцыя.
Рашэнне пра правядзенне датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў можа быць абвешчана парламентам ужо 14 верасня.
Малюнак: http://www.davno.ru