Польскія студэнты “Залатога Веку” ў Гродна
Адна з арганізатараў візіта Лана Руднік:
– Гэта ўжо не першая наша сустрэча, у сакавіку удзельнікі Універсітэта Залатога Веку, створанага пры гродзенскім грамадскім аб’яднанні “Цэнтр “Трэці сектар”, гасцілі ва Ўроцлаве, а гэта візіт у адказ. Універсітэт Трэцяга Веку ва Ўроцлаве існуе вельмі даўно – вясной адзначыць 35-годдзе – і мае багаты досьвед працы са сталымі людзьмі. Мы маем класную магчымасць сустрэцца, паразмаўляць пра планы, падзяліцца досведам.
Сваімі першымі ўражаннямі падзяліліся госці, пані Мар’яна:
– Гродна мяне здзівіла, я думала ўбачыць занядбаны горад, брудны і небяспечны, а апынулася ў прыгожым і дагледжаным месцы. Тут зусім іначай, чым я сабе ўяўляла. Канешне, у нас мала часу, але, спадзяюся, усё паспеем, узмоцнім наша супрацоўніцтва з беларусамі і што-небудзь цікавае паглядзім.
Пані Гражына:
– Я ўпершыню тут. Вельмі спадабаўся ваш горад, надвор’е выдатнае, таму і настрой адпаведны. Вельмі спадзяюся ўбачыць як мага больш.
У трохдзённай прагшраме візіту – сустрэчы польскіх гасцей з удзельнікамі Універсітэта Залатога Веку, які працуе пры гродзенскім грамадскім аб’яднанні “Цэнтр “Трэці сектар”; шэраг адкрытых лекцый у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” і на факультэце псіхалогіі ГрДзУ імя Я. Купалы; экскурсіі і прагулкі па горадзе.
На фота: Сустрэча беларускіх і польскіх студэнтаў “Залатога Веку” ва Ўроцлаве
Фота Кастуся Жыня