Верасень 1939 года ў Гродна: два погляды на адну падзею
Андрэй Вашкевіч распавёў “Твайму стылю”:
– Паралельна пройдуць дзве экскурсіі.
Адна – з пункту гледжання польскай гістарычнай традыцыі, па мясцінах, звязаных з абаронай Гродна ў верасні 1939 года.
Мы паспрабуем зірнуць на падзеі вачыма польскага абаронцы горада.
Другая экскурсія будзе прысвечана мясцінам, асобам і падзеям, якія падпадаюць пад тэрмін “вызваленне”.
Весціся яна будзе ад імя аднаго з тых, хто вызваляў Гродна ад “панскай акупацыі”.
Мы хочам прадставіць два погляды на падзеі верасня 1939 года, вачыма абаронцы і вызваліцеля, зрабіць спробу сінтэза і аднаўлення праўдзівай гістарычнай карціны падзеяў.
Экскурсантаў чакаюць у 11 гадзін у адным з двух месцаў:
Тыя, хто жадае пабачыць Гродна вачыма савецкага жаўнера, збіраюцца побач з помнікам палітруку Гарнавых каля Старога моста.
Тыя, хто хоча адчуць сабе ў ролі польскіх абаронцаў Гродна, збіраюцца каля будынка Беларускага інстытута правазнаўства побач з фантанам.
Экскурсіі ладзяцца ў межах праекта “У пошуках гісторыі: паўсядзённае жыццё савецкага Гродна“ Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання маладых навукоўцаў “ВІТ” і прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь.
Цягам трох месяцаў гродзенцам будзе прапанавана яшчэ некалькі экскурсій, якія адбудуцца з інтэрвалам у 2-3 тыдні:
-Паміж ідэалогіяй і штодзённасцю: жыццё праз прызму савецкай ідэалогіі
-Гродна за партай: савецкая культура і адукацыя
-Новыя гарызонты: архітэктура Гродна савецкага часу
-Людзі ў форме: соцыятапаграфія савецкага горада
-Нефармальны Гродна: грамадства ў пошуку выбара.
Выніковым мерапрыемствам праекта стане выстава, прысвечаная нашаму гораду савецкай эпохі.
На фота: Савецкія жаўнеры са здабытай польскай зброяй (верагодна Гродна, верасень 1939 года)
Фота з сайта http://www.rp.pl