Прэзідэнцкія выбары. Апазіцыя пачынае і…
Самай гучнай навіной з лагеру апазіцыйных кандыдатаў стала інфармацыя пра “Берштаўскае пагадненне”. У вёсцы Бершты ў Шчучынскім раёне адбылася сустрэча патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Юрыя Глушакова, Рыгора Кастусёва, Аляксандра Мілінкевіча і Алеся Міхалевіча.
Гаспадаром сустрэчы быў Аляксандр Мілінкевіч – канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі на выбарах-2006, лідэр Руху “За Свабоду”.
Афіцыйна сайт Мілінкевіча паведамляе, што “палітыкі, якія падзяляюць каштоўнасці незалежнасці краіны, дэмакратыі і інтарэсы беларускага грамадства, абмяркавалі грамадска-палітычную і эканамічную сітуацыю, а таксама міжнароднае становішча Беларусі. Былі распрацаваныя асобныя дамоўленасці”.
>
Удзельнікі “Берштаўскага пагаднення”: злева направа Алесь Міхалевіч (былы намеснік старшыні партыі БНФ), Аляксандр Мілінкевіч, Юрый Глушакоў (Партыя “Зялёных”) і Рыгор Кастусёў (партыя БНФ).
Сэнс гэтых дамоваў быў “расшыфраваны” вельмі хутка: у той жа дзень, 14 верасня, гарадзенская філія руху “За Свабоду” заклікала ахвотных далучыцца да збору подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты … прадстаўніка БНФ Рыгора Кастусёва!
– Варыянт, пры якім Аляксандр Мілінкевіч не возьме ўдзел у гэтай прэзідэнцкай кампаніі, ёсць надзвычай дрэнным. Гэта варыянт, які азначае, што беларускія правыя, нацыянал-дэмакраты не будуць мець свайго выразнага кандыдата
– піша вядомы гарадзенскі журналіст Павал Мажэйка, які працаваў раней прэс-сакратаром палітыка.
На думку Мажэйкі, “сёлета да прэзідэнцкай кампаніі нацыянальныя сілы падышлі некалькімі кволымі калонамі. Сітуацыю можна лічыць драматычнай. Пытанне стаіць нават, ці перажывуць гэтую кампанію правыя ў якасці палітычнай сілы, ці не страцяць рэшткі ўплыву не толькі на грамадства, але і ў самой апазіцыі”.
Адмову Мілінкевіча ад удзелу ў выбарах на карысць Кастусёва Павал лічыць спробай захаваць лідэрства нацыянальных сілаў у апазіцыі, іх здольнасць “пазмагацца за змену ўлады ў Беларусі” ў бліжэйшай перспектыве.
Калі Мілінкевіч сапраўды кіруецца такімі памкненнямі, то гэта азначае яго зыход з арэны актыўнай палітычнай барацьбы не толькі на гэтых выбарах, але і ў “бліжэйшай перспектыве”.
Гарадзенец Аляксандр Мілінкевіч быў самым пазнавальным у апошнія гады ў краіне і за яе межамі апазіцыйным лідэрам.
На выбарах 2006-га году ён заняў другое месца. Сёлета ў траўні палітык рашуча заяўляў, што будзе ўдзельнічаць у выбарах, прэзентаваў сваю перадвыбарчую праграму.
У чэрвені паводле вынікаў аднаго з аўтарытэтных сацыялагічных інстытутаў рэйтынг Мілінкевіча складаў каля 10%, у той час як іншыя апазіцыйныя кандыдаты не “дацягвалі” і да 5%.
Летам, аднак, палітык усё больш асцярожна выказваўся наконт свайго ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. А ўвосень адбылося “Берштаўскае пагадненне”…
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп па зборы подпісаў па вылучэнні прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах сканчаецца 24-га верасня.
Фота: milinkevich.org