Два варыянты для 32 зубоў
Разабрацца ва ўсіх гэтых пытаннях паспрабавала карэспандэнтка “Твайго Стылю” на ўласным прыкладзе.
Пачалося маё расследаванне з таго, што ў мяне амаль адначасова забалелі два зубы. Пажалілася сябрам і спытала, куды лепш пайсці лячыцца.
І вось пачаліся рознагалоссі. Большая палова амаль хорам агітавала за платныя ці прыватныя стаматалогіі.
Іншыя запэўнівалі, што там толькі дарма грошы на вецер выкіну.
“У дзяржаўных не горш лечаць” – пераканала мяне сяброўка.
Паглядзеўшы на некалькі візітовак “лепшых лекараў горада”, якія мне падсунулі занепакоеныя сябры, і знайшоўшы ў нататніку нумар маёй стаматалагічнай паліклінікі па месцы жыхарства, я прыняла рашэнне лячыць адзін зуб у платнай, а другі – у дзяржаўнай стаматалогіях.
Першы зуб спазнаў жорсткім катаванні ў дзяржаўнай стаматалогіі.
Па-першае, каб дастаць талончык, прыйшлося добра папацець.
– У Вас што, так невыносна баліць? – рыкнула мне ў трубку суровая супрацоўніца рэгістратуры.
– Так, – кажу, – вельмі невыносна.
– Тады прыходзьце з вострым болем! Што Вы мне галаву тлуміце?
У той жа дзень іду ў стаматалогію, займаю чаргу да свайго лекара. Сядзець прыйшлося хвілін 20-ць, выслухоўваючы страшныя апавяданні бабулек пра сталыя канфлікты з лекарамі.
Нарэшце заходжу ў кабінет, сядаю ў крэсла і распавядаю, што баліць.
– Абязбольваючае купіла? – без усякіх прадмоваў пытае мая дакторка.
Абязбольваючае, як і шпрыц, я не купіла. І мяне адпраўляюць у суседнюю аптэку за лекамі. Я купляю добрае абязбольваючае і шпрыц нейкай нямецкай фірмы. Аддаю за ўсё каля 7 тысяч рублёў.
Само лячэнне цягнецца прыблізна 40 хвілін з перапынкамі на тэлефонныя размовы, якія вяла дакторка, і яе балбатню з асістэнткай.
З горам напалову і болем, які адчуваўся нават праз абязбольваючае, мне ўстаўляюць пломбу і адпраўляюць рабіць здымак.
– Чатыры пяцьсот ёсць з сабой? – пытае мяне доктар. Ківаю, што ёсць, таму што распухлыя вусны не даюць прамовіць слова.
Адпраўляюся рабіць здымак, аплачваю працэдуру ў кабінеце з таблічкай “Каса”, на дзверы якога вывешаны пералік паслуг і іх кошт.
” Нічаго сабе,” – думаю, – “бясплатная медыцына!”.
У чарзе на здымак праштурхалася яшчэ 15 хвілін, потым хвілін пяць яго чакала, каб шчасліва вярнуцца ў кабінет стаматолага.
– Ну, здаецца, усё ў парадку. Прыйдзеш на агляд праз паўгады. Можаш збірацца.
Гэтае “здаецца”, вядома, гучыць падазрона, але я была вельмі радая хутчэй пайсці з гэтага непрыемнага месца.
З распухлымі вуснамі і гонарам, што вытрымала ўсе здзекі над сабой, я пакінула стаматалогію з надзеяй на тое, што вярнуцца сюды мне яшчэ доўга не прыйдзецца.
Наступны зуб мне рэанімавалі праз два дні ў платнай стаматалогіі.
Аддала я за ўсе “працы” над зубам 70 тысяч рублёў. Прыём прызначылі па тэлефоне на той жа дзень, раніцай якога я патэлефанавала ў стаматалогію.
Дзяўчына, якая адказала на званок, гутарыла са мной вельмі ветліва, высветліла, што ў мяне здарылася і паведаміла час, у які мне трэба прыйсці ў стаматалогію.
На шчасце, абязбольваючае, здымак і іншыя аперацыі ў кошт лячэння былі ўключаныя і праз 20 хвілін я пакінула стаматалогію.
Лекар апынуўся вельмі прыемным мужчынам, абязбольваючае – досыць моцным, каб не адчуваць болі, а пломба хутка застыгла.
Перажыты мной досвед падштурхнуў да наступных высноваў: калі вы жадаеце вылечыць зуб з малымі грашовымі выдаткамі, то варта ісці ў дзяржаўную стаматалогію, дзе вам, хутчэй за ўсё, ад шчырай душы паказычуць нервы.
Але пломбы, пастаўленыя тут, на другі дзень не вылятаюць, як часта прынята лічыць. Адзіны недахоп – яны на пару тонаў адрозніваюцца ад колеру зубоў, што робіць іх прыкметнымі.
У прыватных стаматалогіях лячэнне значна больш прыемнае і хуткае, але і сума аплаты павялічваецца ў шмат разоў.
Адно магу сказаць сапраўды: вылечаць вас і ў адным і ў другім выпадку. Праўда, гарантыі якасці будуць больш надзейнымі ў платных стаматалогіях.