Чаўнакі знікнуць як клас?
Тыя, хто перасякае мяжу часцей за 1 раз на суткі, могуць без перашкодаў увозіць на тэрыторыю Беларусі толькі ўжываныя тавары і прадукты харчавання неабходныя выключна на час дарогі.
Правезці хаця б адну адзінку аднаго наймення новага тавара такі грамадзянін зможа толькі з дазволу як мінімум начальніка аддзела мытнага афармлення.
Што тычыцца прадуктаў харчавання, то, калі вы ездзіце праз мяжу раз на месяц, то маеце права прывезці 30 кг, але не больш за 10 кг аднаго наймення; калі раз у 15 дзён – не больш за 10 кг прадуктаў; адзін раз на тыдзень і часцей – да 5 кг.
Раз на 2 месяцы па новых правілах дазваляецца ўвоз для асабістага выкарыстання (дарэчы, супрацоўнікі мытні маюць права самі вырашаць, з якой мэтай вы перавозіце тавар – для сябе альбо на продаж) трох адзінак аднаго наймення тавараў доўгатэрміновага карыстання, але не больш 10 найменняў.
Калі трапляеце за мяжу штомесяц, то зможаце перавезці без уплаты пошліны таксама да 3 адзінак аднаго наймення, аднак колькасць найменняў тавараў скарачаецца да пяці.
1 раз у 15 дзён дазваляецца перавозіць да 3 адзінак аднаго наймення, пры гэтым не больш за 3 наймення.
Раз на тыдзень можна прывезці па 1 адзінцы трох найменняў тавара.
Калі ж вы выбіраецеся за мяжу часцей – толькі нешта адно (1 адзінка аднаго наймення).
Пад таварамі доўгатэрміновага выкарыстання маюцца на ўвазе тавары, якія маюць тэрмін годнасці больш за год (верхняя вопратка, будаўнічыя матэрыялы, запчасткі і г.д.), а таксама пральныя парашкі, мыйныя сродкі ва ўпакоўках больш за 3 кг.
Толькі 1 раз на год для асабістага карыстання цяпер можна ўвозіць:
пліты кухонныя, мікрахвалёўкі, кухонныя камбайны, духоўкі, ванны, душавыя кабінкі, ракавіны, бідэ, унітазы, лядоўні, маразільнікі, пасудамыйныя машыны, пральныя машыны, кампутары (у тым ліку ноўтбукі), капіравальную тэхніку, антэны, мапеды, матаролеры, матацыклы, квадрацыклы, снегаходны, верхнюю вопратку з натуральнай скуры, натуральнае футра.
Абмежаванні не распаўсюджваюцца на ўжываныя рэчы (незапакаваныя, без этыкетак, бірак, з выразнымі прыкметамі выкарыстання).
Абмежаванні здымаюцца таксама на тавары, якія перавозяць урадоўцы, прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый, дыпламаты, камандыраваныя дзяржаўныя служачыя, супрацоўнікі міжнародных арганізацый; прадстаўнікі спартыўных дэлегацый, мастацкіх калектываў, якія вяртаюцца са спаборніцтваў ці гастроляў.
У гэтых выпадках неабходныя дакументы, якія падцвярджаюць службовы статус пералічаных катэгорый грамадзян.