У Залессе да Агінскага

|

Як паведамілі “Твайму стылю” ў аддзеле культуры Смаргонскага райвыканкама, свята распачнецца ў 11 гадзін урачыстым набажэнствам у капліцы на тэрыторыі сядзібы ў Залессі.

У праграме – прысвечаны М.К.Агінскаму спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра з Маладзечна (12.00), выступленне Ансамбля салістаў “Класік-Авангард”, у рэпертуары якога сюіта “Паланэз” (М.К.Агінскі-Р.Палістэр).

Цягам усяго дня будуць ладзіцца экскурсіі па сядзібе, выступы тэатра “Батлейка”, а моладзевае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка” прадставіць гасцям свята бальную культуру 19 стагоддзя.

Уваход на тэрыторыю сядзібы бясплатны.

Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 7 кастрычніка 1765 года каля Варшавы.

Атрымаў рознабаковую адукацыю і зрабіў бліскучую кар’еру, стаўшы ў 20-гадовым узросце паслом на сейм.

У якасці паўнамоцнага прадстаўніка Рэчы Паспалітай пабываў у многіх краінах Еўропы, быў знаёмы з Гайднам і Моцартам.

Змагаўся на баку паўстанцаў Т.Касцюшкі, пасля задушэння паўстання 6 гадоў жыў у эміграцыі.

Пасля прысягі на вернасць расійскаму імператару Аляксандру I, М.К. Агінскі вяртаецца на радзіму.

З 1802 года жыве ў Залессі, якое ператварае ў культурны цэнтр.

Тут Міхал Клеафас працуе над камерна-вакальнымі і інструментальнымі мініяцюрамі, пачынае пісаць 4-томныя «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» і трактат “Лісты пра музыку”.

У Залессі Міхал Клеафас напісаў свой знакаміты паланэз “Развітанне з Радзімай”.

У 1810 Міхал Клеафас атрымаў ад Аляксандра I пасаду сенатара Расійскай імперыі і чын тайнага саветніка, ордэны св. Уладзіміра і Аляксандра Неўскага.

У маі 1811 падаў цару праект пра аднаўленне Вялікага княства Літоўскага, якое павінна было аб’яднаць восем губерняў.

Аднак праект быў адхілены імператарам.

У 1822 Міхал Клеафас Агінскі разам з сям’ёй пакінуў радзіму назаўсёды і выехаў у Італію, дзе і памёр 15 кастрычніка 1833 года.

На фота: сядзіба М.К.Агінскага ў Залессі

Фота з сайта http://forums.tut.by