Як бландзінка ў Гродне кацяня купляла

|

Ну, з мужам справа нялёгкая, а ката ў Гродне усё ж паспрабую знайсці.

 

Якога шукаць? Вядома ж самага дарагога! Праглядаю самыя апошнія аб’явы – і пошук “калматага шчасця” пачынаецца!

 

 

Усе аб’явы ўмоўна можна падзяліць на 2 групы: ад прыватных асобаў і ад імя прафесійных гадавальнікаў катоў.

 

Ад першай мне прапануюць персідскіх, ангорскіх, абісінскіх кацянятаў, кошт якіх не перавышае 150 тысяч рублёў.

 

Сярод іх знаходжу канадскага сфінкса, але гэтае іншапланетнае стварэнне “калматым шчасцем” не назавеш (з прычыны адсутнасці ўсялякай расліннасці на целе).

 

Паспрабуйце ўявіць сабе яго колер, калі парода ката мае назву “блакітны арлекін” (мне, чалавеку ў гэтых справах не дасведчанаму, ён асацыюецца толькі з песняй Алы Барысаўны “Арлекіна”). Кошт яго $ 400 без радаводу, а з ім – $ 700. Але мне ён і з радаводам не патрэбны (справа густу, вядома).

 

Цяпер пачынем “перамовы” з прафесіяналамі. Першы, што трапляецца, мае назву LITTL KITTY. Тут мне рэкламуюць кацяня пароды шатландскі віславухі: “…серабрысты, цудоўнай якасці …” (“цудоўнай якасці”- быццам мы не аб жывой істоце гаворым, а аб кавалку мяса). Цана $ 300 без радаводу, з ім- $600. Абяцаюць кансультаваць па даглядзе.

 

Каб неяк адмовіцца, знаходжу зачэпку (зусім як герой Юрыя Нікуліна з перламутравымі гузікамі ) і пытаю: “А бываюць такія ж, толькі іншага колеру?” На тым канцы, смеючыся, адказваюць: “Да якога ката звозім, такога і будуць колеру!” Смяюся і я, адчуваю сябе бландзінкай, кладу слухаўку….

 

А мне раней яшчэ ўяўлялася, што ў каціных гадавальніках жыве вялікая колькасць катоў і котак, ад якіх потым і атрымліваюцца кацяняты. А на самой справе там можа быць адна толькі котка і ўсё – можна рэгістраваць каціны гадавальнік LITTLE KITTY, ці яшчэ які там…

 

Тэлефаную ў іншыя “гадавальнікі”, дзе мне прапануюць кацянят за тыя ж грошы, толькі пароды брытанскія караткапоўстныя. І толькі адзін з гэтых плюшавых цудаў вылучаецца сваім коштам сярод іншых. За яго (разам з радаводам па сістэме Fife) просяць $ 800.

 

У радаводзе гэтага кацяняці фігуруюць вядучыя гадавальнікі Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Швецыі, Галандыі, Францыі, Літвы, Расіі. Мне тлумачаць, што кошт залежыць ад кроўнай лініі бацькоў, іх тытулаў, выдаткаў на ўдзел у выставах (часта замежных), на дагляд і ветэрынарнае абслугоўванне.

 

Ну і таксама ад класа самога кацяняці (пет – для хатняга трымання, шоў і брыд – для развядзення). І нават ад колеру (традыцыйны або складаны для вывядзення).

 

Пасля запрашаюць зайсці на іх сайт britling.by, дзе можна нават выбраць імя для свайго новага сябра. Заходжу. Імёны ўражваюць сваёй арыгінальнасцю: Dogfood, Cocaine, Crazy Kitty, Catastrophe…

Дакладна вырашаю прыдумаць мянушку самастойна.

 

Узгадваю, што там гаварылі сяброўкі пра шчасце…

Здаецца, пушысты кот і працавіты муж?

 

Ну, з катом усё зразумела. Пытанне з мужам застаецца адкрытым.