Мастацтва дарыць дзецям усмешкі

|

 

Ці можаш ты падарыць камусьці кавалачак шчасця? А калі гэты хтосьці – маленькі чалавечак, якому з самага дзяцінства не пашанцавала мець нармальную, добрую сям’ю і хатні агеньчык, матчына цяпло?

Хтосьці скажа, што гэта складана, але мы паспрабавалі гэта зрабіць і хоць на дзень падаравалі дзецям з дзіцячага дому ўсмешкі і яркі бляск у вачах.

У мінулую нядзелю ініцыятыўная група гарадзенскіх валанцёраў у кампаніі сябраў з ЮНЭСКА зладзіла вандроўку разам з дзеткамі-сіротамі ў Наваградак і на возера Свіцязь.

 

У Наваградку адбылася экскурсія, пасля мы рушылі на возера, дзе прадугледжвалася правесці вялікую конкурсную і гульневую праграму. І тут пачалося самае цікавае!

Дзяцей сустракалі чароўныя казачныя героі з беларускіх паданняў, звязаных з легендарным возерам.

Героі легенд давалі дзецям заданні, праводзілі конкурсы і, самае галоўнае, распавядалі свае цудоўныя гісторыі. Так, вялікі свіцязянскі Князь распавядаў дзецям пра мясцовыя павер’і, пра вайсковую мужнасць, камандны дух і ўзаемадапамогу.

>

Адразу ж, не губляючы часу, ён падмацаваў сваю прамову цікавым спаборніцтвам на ўмацаванне каманды: “Перанясі параненага”. Дзеці былі проста ў захапленні!

Таямнічая Княжна чакала свайго часу непадалёк на пяньку, і кожная каманда дзяцей, каб даведацца гісторыю прыгажуні, павінна была прайсці сапраўднае выпрабаванне.

Але ўсе каманды з гонарам праходзілі ўсе іспыты!

Свіцязянка таксама хавала нейкую таямніцу, і прыйшлося добра пастарацца, каб раскрыць яе.

Але цяжэй за ўсё прыйшлося з Князем: ён, як гаспадар возера, нікому спуску не даваў, іспыты падрыхтаваў самыя сур’ёзныя!

Смех і вяселле ляцелі па беразе Свіцязі, а з неба нам усміхалася сонца – нам сапраўды вельмі пашанцавала з надвор’ем.

 

Ды і народу на возеры не было, увесь бераг быў у нашым распараджэнні.

 

Пад вечар, добра стаміўшыся, мы пачалі збірацца дадому. Дзеці прайшлі ўсе выпрабаванні, але, у адрозненне ад дарослых, былі яшчэ поўныя сіл і энергіі.

 

Мы выпусцілі гэтую энергію ў мірнае рэчышча каля вогнішча, дзе і скончылі нашую праграму. Больш шчаслівых дзяцей я дагэтуль не бачыла!

Мы змаглі падарыць ім цікавую казку, у якую яны з радасцю акунуліся.

Падыходзячы да аўтобуса, каб загружацца ў зваротную дарогу, хлопчыкі “акупіравалі” чатыры матацыклы, якія з’явіліся на стаянцы, пакуль нас не было. Добра, што побач не было ўладальнікаў, таму што нам спатрэбілася хвілін 5, каб адцягнуць малых!

 

Я сама люблю матацыклы, але калі на такіх дарагіх мадэлях пачалі віснуць дзеці, мяне чуць інфаркт не схапіў! Але ўсё абышлося, і мы рушылі дахаты, у роднае Гродна.

 

Па дарозе спявалі песні пад гітару, развучвалі беларускія песні, нават паспрабавалі спяваць па-польску, што вельмі спадабалася дзецям – яны прасілі нас спяваць “на біс”.

 

Бліжэй да гораду ўсе дзеці стаміліся, паспакайнелі, прыціхлі.

 

– “Як не хочацца вяртацца дамоў” – кажа мне дзяўчыначка Жэня.

 

– “А калі мы паедзем яшчэ куды-небудзь?” – пытае яе сяброўка Каця.

 

– “Нам так спадабалася! Дзякуй вам вялікі!”, – пачынаюць гаманіць усе дзеці!

 

Пасля такой шчырасці забываеш пра ўсе цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца ў час падрыхтоўкі і правядзення паездкі, забываеш сваю стомленасць. Хочацца рабіць штосьці зноў і зноў, толькі б пабачыць зноўку тыя ўсмешкі, шчаслівыя вочы, вясёлы смех!

Гэта аказалася сапраўдным майстэрствам, сапраўдным мастацтвам – дарыць дзецям усмешкі!

 

Фота аўтара