Краіна гарачай крыві, добрага віна і моцнага кахання

| Без катэгорыі

 

Уражанні ад  гэтай  краіны, у якой мне давялося пабываць упершыню, баюся, складана будзе змясціць нават у самым доўгім артыкуле. Пра знаёмства з  казачнай Грузіяй варта было б выпусціць часопіс, а лепш – напісаць кнігу.

 

Але такія магчымасці рэдка бываюць падуладнымі сціплым беларускім  журналістам, і таму мне давядзецца змясціць  свае  маляўнічыя ўспаміны ў невялікім рэпартажы. 

 

У Тбілісі мы прыляцелі позна ўначы.

 

Але нават гэта не стала перашкодай для першых цудоўных уражанняў аб віннай краіне.

 

Пасля доўгага праходжання беларускай мытні і лаянак з-за багажу, пятнаццаціхвіліннае знаходжанне ў аэрапорце Тбілісі падалося секундай. 

 

Але наступныя навіны спусцілі групу турыстаў з нябёсаў на зямлю: ехаць у душным аўтобусе   да  пункта  прызначэння, курортнага мястэчка Анаклія, трэба было  8 гадзін.

З невясёлымі тварамі стомленая моладзь апусцілася на вольныя месцы і ўтаропілася ў вокны.

 

Першае, што адразу ж стала хваляваць мяне пасля таго, як аўтобус крануўся з месца, гэта яго хуткасць.

 

 – Шумахер! – чулася з усіх канцоў аўтобуса. – Куды ён так нясецца?

Ехалі мы па разнарэльефнай грузінскай сталіцы сапраўды хутка. 

 

У Беларусі такая хуткасць нязвыклая нават для легкавых машын, а тут пасажырскі аўтобус імчыць не менш сотні кіламетраў у гадзіну.

Але сталы грузінскі кіроўца ўпэўнена і адважна рухаўся  праз горад і хутка я супакоілася, а да канца паездкі нават абвыкла.

 

Наступнае ўражанне – колькасць аўтамабільных заправак.  Не перабольшу, калі скажу, што запраўкі сустракаюцца ў Тбілісі праз кожныя сто метраў. Але да сталіцы  мы яшчэ вернемся і  пазнаёмімся з ёй  бліжэй, а цяпер трэба распавесці пра горы, на якія я глядзела на працягу 7 гадзін.

>

 

Так ужо ўладкаваны грузінскі народ, што трымацца правіл – не ў іх звычцы.

 

У гарах ездзяць гэтак жа, як на роўнай паверхні і амаль на кожным стромкім павароце мне заставалася заплюшчваць вочы і хрысціцца.  Тут, на горных, амаль не абгароджаных па краях трасах, я зразумела, што паркі атракцыёнаў і скокі з парашутам – дзіцячыя свавольствы.

 

Ужо потым грузінскія сябры прызнаваліся мне, што гэта ўсё кіпенне іх гарачай крыві. 

Але ў мяне кроў самая звычайная і каленкі здрадліва дрыжалі кожную паездку, якіх выдалася больш дзесятка.

 

Маленькія і перакошаныя крамкі ўніверсальнага тыпу тут ганарліва завуцца “маркетамі” і стаяць яны могуць па парах ці тройкамі, хоць прадукцыя, што ў адным, што ў іншым,  будзе фактычна  аднолькавай.   Сама я адразу ж дала ім мянушку “ларкі”. 

 

Наогул, нават высока ў гарах, у нейкіх забытых Богам закутках, можна сустрэць такія вось “маркеты”, у якіх вам паспрабуюць прадаць усё, што душы заўгодна.

 

І ў той час, калі ўсе бясконца  захапляліся прыродай, я без сарамлівасці захаплялася тым, як у гэтай краіне ставяцца да жывёл. Ды і наогул, такія паводзіны жывёл падаваліся б нам вельмі дзіўным.

 

Мне ўжо не раз даводзілася распавядаць гэты выпадак па прыездзе, але не грэх успомніць яго і ў артыкуле. 

 

У адзін з дзён праекту нас вырашылі адвезці ў зроблены па апошняй модзе аквапарк у Батумі.

Для тых, хто не ведае, растлумачу, што Батумі – адзін з найбуйнейшых грузінскіх гарадоў, размешчаны на беразе мора. Адпаведна, горад курортны, і колькасць машын на дарозе перад Батумі моцна павялічваецца. 

 

І вось група беларусаў на сваім нязменным камфартабельным аўтобусе, са сваім нязменным кіроўцам,  нясецца што ёсць сілаў у аквапарк, каб паспець да прызначанай гадзіны.

 

Але тут на дарозе  з ніадкуль узнікае мноства кароваў. І каровы не проста пераходзяць дарогу, не, яны ляжаць прама на паласе, па якой мы едзем.

 

Ляжаць вельмі задаволеныя, сыходзіць нікуды не збіраюцца. А зараз уявіце сабе такую сітуацыю ў нас. Што б адбылося на дарозе?

 

Кожны  кіроўца сігналіў бы так, што прачнуліся б усе вёскі вакол, лаяўся б матам, што жывёлы не саступілі яму шлях, выклікаў бы на кароваў міліцыю. У Грузіі такім абсурдам не займаюцца. Я наогул не пачула аніводнага сігналу. Кіроўцы, як быццам дамовіўшыся паміж сабой, прапускалі то чаргу з адной паласы, то з процілеглай. А каровы як ляжалі, так і засталіся ляжаць на шашы.

 

Пытаю ў нашых грузінскіх гідаў, што гэта за традыцыя і чаму каровы так спакойна адпачываюць там, дзе быццам бы не дазволена.

 

Мне тлумачаць, што на трасе моцны рух паветра і жывёл не так мучаць розныя слепні, вось у самую спякоту яны і выходзяць паляжаць прама на дарогу, каб хоць неяк уратавацца ад дакучлівыхх мух.  Дзіўна, вядома, было назіраць гэтую карціну, але затое прымусіла прызадумацца.

 

Другое маё назіранне самастойна растлумачыць таксама не атрымалася. Кожную паездку на шляху нам траплялася шмат свіняў і парсюкоў, на шыі ў якіх быў трыкутнік з драўляных дошчачак. 

Я спачатку гаротна ўздыхала і скардзілася, што гэта блюзнерства, але толкам так і не магла зразумець, для чаго зроблена такое прыстасаванне.

 

Наш гід Леван, растлумачыў, што збіваецца такая збруя парсюку на шыю для таго, каб той на чужыя гароды не спакушаўся.  І сапраўды, з такім “блакаваннем” ні пад адзін плот не падкапаешся. 

 

У Грузіі, асабліва ў правінцыі, даволі брудна. Вакол дарог смецце, хаты і помнікі даволі аблезлыя, у грамадскія туалеты не зайсці. Але варта пад’ехаць да якой-небудзь зоны адпачынку – карціна адразу змяняецца.

Узяць, напрыклад, парк атракцыёнаў, які мне запомніцца надоўга. Ужо на паркоўцы ствараецца ўражанне, што трапіў у нейкі еўрапейскі горад. Чысціня, цішыня і прыгажосць. Усюды сметніцы, усё свеціцца, нягучна грае музыка.

 

Тэрыторыя самога парку велізарная: мноства каруселяў, бараў, кавярняў і іншых забавак. Але паўсюль ходзяць прыбіральнікі, якія не даюць аніводнай паперцы патрапіць міма кантэйнера для смецця.  Што ж тычыцца саміх атракцыёнаў, то яны сапраўды разнастайныя.

Мы з сябрамі пачалі з тых, на якіх можна пасівець ад страху і скончылі паездкай на высачэзным коле агляду з бутэлечкамі знакамітага “Тархуну” ў руках.

 

Напрыканцы першай часткі заўважу, што Грузія – краіна кантрастаў. Гэта край, у якім усё змяняецца імкліва ў залежнасці ад сітуацыі.

 

Толькі што вы праязджалі занядбаныя хаты на палях, а праз хвіліну праедзеце шыкоўны  курортны гатэль. Грузія – турыстычная краіна і выдатная яна сваёй гасціннасцю і людзьмі.

 

Але пра гэта ў наступным нумары.

 

Фота аўтара