У Залессі ўшанавалі памяць пра Агінскага
Свята пачалося з богаслужэння ў каталіцкай каплічцы ў сядзібе Агінскіх, а затым перамясцілася на канцэртную пляцоўку.
Гасцей там віталі ўзорны ансамбль танца “Вялляначка” Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя Агінскага.
Таксама гасцям прадставілі прэзентацыю фонду “Паўночныя Афiны”.
Затым ўсіх запрасілі на спектакль па п’есе Драздова “Паланэз на развiтанне” ў выкананні актораў Маладзечанскага драматычнага тэатра.
Аўтар п’есы, У. Шчасны, з’яўляецца аматарам творчасці Агінскага, чалавекам, зацікаўленым у падтрымцы культурных і гістарычных традыцый сядзіб Беларусі.
На свята быў запрошаны папулярны ў Беларусі ансамбль салістаў “Класік-авангард” Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гэта адзіны ансамбль, які грае музыку сядзібаў XVII-XIX стагоддзяў і вельмі паспяхова гастралюе па Еўропе.
У госці ў Залессе завіталі і сябры маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Гiсторыка” (г.Мінск). Два гады таму гэтая арганізацыя рэалізавала праект “Баль у Агінскіх”. Яго мэтай была рэканструкцыя танцаў ХІХ ст. Такім чынам яны рэканструявалі ўжо адзінаццаць танцаў. Некаторыя з іх былі паказаныя сёлета ў Залессі.
>
Удзел у свяце брала і дэлегацыя з Германіі – госці Вілейскага клубу “Надзея”. Для гасцей была праведзена экскурсія па сядзібе.
Усе госці адзначалі асаблівую энэргетыку сядзібы Агінскіх. Спалучэнне прыроднай прыгажосці і музыкі паланэза сапраўды стварала незвычайную атмасферу.
На жаль, свята наведала небагата людзей. У асноўным прыехалі тыя, хто з года ў год прыязджае ў сядзібу, каб пабыць у атмасферы таго часу і паслухаць прыгожую музыку мінулых стагоддзяў.
Арганізатарам свята быў аддзел культуры Смаргонскага райвыканкама.
Вельмі шкада, што святочная праграма паўтарала ў многім праграму іншых святаў, не залежна ад іх тэматыкі.
Шкада, што сядзібу Агінскіх перад прыездам гасцей належным чынам не прыбралі.
І ўсё ж кепская падрыхтоўка свята не змагла сапсаваць святочны настрой, створаны творчымі калектывамі, выступы якіх упрыгожвалі імпрэзу.
Фота аўтара
Даведка “Твайго стылю”:
Міхал Клеафас Агінскі – дыпламат, кампазітар, дзяржаўны дзеяч.
Нарадзіўся 7 кастрычніка 1765 г. у Гузаве, недалёка ад Варшавы. Быў дэпутатам Гродзенскага сойма 1793. У 1793-94 вялікі падскарбі літоўскі.
Браў удзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, уваходзіў у Найвышэйшую раду літоўскага народа. За ўдзел у паўстанні яго маёнткі былі канфіскаваны царскімі ўладамі. Жыў у Вене, Венецыі, Парыжы.
Пасля атрымання дазволу вярнуцца на радзіму ў 1802-1806 гг. жыў у маёнтку Залессе Ашмянскага пав., дзе пабудаваў новы палац, парк у англійскім стылі, аранжарэі, звярынец, сабраў вялікую бібліятэку. Залессе стала адной з найпрыгажэйшых магнацкіх рэзідэнцый на Беларусі.
Захапляўся італьянскай і французскай операй, іграў на скрыпцы і клавікордах. У час жыцця ў Залессі напісаў славуты паланэз “Развітанне з Радзімай”.
У 1823 выехаў у Італію, жыў у Фларэнцыі, дзе і памёр.