Беларускія фанаты пратэстуюць супраць дзеянняў міліцыі

|

Ніхто з сябраў фан-клуба “Нёмана” не прыйшоў у гэты дзень на 21-ы, “фанацкі”, сектар.

 

У адказ мясцовае футбольнае начальства запоўніла сектар салдатамі, якія на працягу ўсёй сустрэчы па камандзе сваіх камандзіраў крычалі шаблонныя “Нёман-чэмпіён!”.

 

Тлумачэнне рашэння аб байкоце было апублікаванае напярэдадні сустрэчы на сайце фан-руху “Нёмана”:

 

– Зараз наш родны клуб перажывае адзін з самых няпростых перыядаў у сваёй гісторыі і яму, як ніколі, патрэбна падтрымка заўзятараў.


Але любы, хто калі-небудзь удзельнічаў у гэтай падтрымцы, мог на сабе адчуць, што з кожным матчам для гэтага даводзіцца праходзіць усё новыя і новыя выпрабаванні.


І калі шэраг з іх бачацца цалкам адэкватнымі мерамі ворганаў правапарадку па забеспячэнні бяспекі, то асобныя рашэнні “людзей у чорным” часта маюць зняважлівы і правакацыйны характар.


Калі прыніжэнні і знявагі – неабходны дадатак да дзеянняў па забеспячэнні бяспекі, то самы бяспечны стадыён у свеце – гэта пусты стадыён.

 

Акцыі футбольных фанатаў прайшлі па ўсёй краіне. Заўзятары пратэстуюць супраць дзеянняў міліцыі, якая часта трактуе аматараў футбола як патэнцыйных тэрарыстаў.

“Для каго футбол?” – пытаецца пустая фанацкая трыбуна ў Жодзіне.

>

“Падтрымка клуба – гэта не злачынства!” – спрабуюць дагрукацца да сумлення міліцэйскіх начальнікаў заўзятары ў Бабруйску.

 

Фота: grodnoultras.com і goals.by