Медсястра здала кроў замест п’янага кіроўцы

|

Падчас затрымання кіроўца ўсяляк адмаўляў факт ужывання алкаголю, але ўстойлівы пах перагару і сведчанні прыбора сцвярджалі зваротнае. Але паводле вынікаў аналізу ў крыві затрыманага мужчыны алкаголю выяўлена не было.

Па словах начальніка УДАІ Шчучынскага РАЎС Уладзіміра Хільмончыка,  гэтым выпадкам зацікавіўся аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. “Кроў, якую даследвалі на алкаголь, адправілі на аналіз ДНК. Спачатку высвятлілася, што замест затрыманага мужчыны экспертызу прайшла нейкая жанчына, а ўжо потым адкрылася, што “добрую справу” здзейсніла медсястра шчучынскай бальніцы,” – распавёў Уладзімір Хільмончык.

Жанчына адмаўляе тое, што хацела дапамагчы кіроўцы пазбегнуць пакарання. Тлумачыць, што выпадкова разбіла колбу з аналізам мужчыны і, асцерагаючыся вымовы, вырашыла адправіць на экспертызу сваю кроў.
Шчучынская пракуратура ўсталёўвае верагоднасць змовы паміж медсястрой і кіроўцай. У выпадку, калі віна медсястры будзе даказаная, ёй пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да двух гадоў.

 

Фота з http://log-in.ru/articles/1313/