“Беларускі кнігазбор” выдаў выбраныя творы Казіміра Сваяка

|

Упершыню ў гістарыяграфіі сучаснай Беларусі творчая спадчына паэта-святара, які паходзіць з Астравеччыны, выдадзена асобнай кнігай.

Выданне стала 54-м томам у серыі «Беларускі кнігазбор» і налічвае 480 старонак.

У кнігу ўвайшлі зборнік вершаў «Мая ліра», філасофскі дзённік «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі», п’еса «Янка Канцавы», драматычная паэма «Купалле».

Таксама змест кнігі склалі вершы і публіцыстыка паэта.

«Кніга ў чымсьці ўнікальная, — гаворыць складальніца і ўкладальніца зборніка Ірына Багдановіч. — Яна складалася нязмушана.

Сабраць спадчыну Сваяка было вельмі няпроста: экзэмпляры „Беларускай крыніцы“, дзе друкаваўся ў свой час малады паэт, не ўсе ёсць у Беларусі, таму шмат даводзілася працаваць у архівах Вільні.

Сучаснікі Сваяка бачылі ў ім выбітную постаць. У прэсе тых часоў з’яўляліся матэрыялы, дзе яго творчасці давалася добрая ацэнка.

Я не скажу, што выдадзеная намі кніга — поўны збор твораў, але гэта тое, што ўдалося знайсці на сёння».

Казімір Сваяк — паэтычны псеўданім каталіцкага святара і публіцыста Канстанціна Стаповіча, якога лічаць адным з пачынальнікаў духоўна-ірацыянальнай плыні ў заходне-беларускай паэзіі пачатку XX ст.

Казімір Сваяк быў найбольш вядомы як папулярызатар беларускай мовы, ён карыстаўся ёю не толькі ў паўсядзённым жыцці, але імкнуўся ўводзіць у літургічнае жыццё касцёла і адукацыю, за што цярпеў пераследы.

Казімір Сваяк памёр ад сухотаў у 1926 годзе, пахаваны ў Вільні.

19 лютага адзначаліся 120-ыя ўгодкі з дня нараджэння святара. Гэты год у Астравецкім раёне абвешчаны годам Казіміра Сваяка.

Паводле http://www.catholic.by

Фота Казіміра Сваяка з сайта http://www.ostrovets.by