Ільвяняты, альбо пра спосаб пазбавіцца банальнага сюжэта

| Без катэгорыі

Быў чацвер і быў вечар. І напярэдадні чакаліся выходныя.

 

Першыя выходныя навароджанага студэнцкага семестра. Першыя пасля летняй спёкі сапраўдныя выходныя. А, вядома: як сустрэнеш першыя, так і ўсе астатнія.

 

Перабраўшы ў памяці сюжэты ўсіх нашых былых адпачынкаў, мы (я і мая баявая сяброўка Вольга) адчулі, што ўжо нічога нас не захапляе і не натхняе, а сэрца патрабуе сапраўднага экстрыму.

 

Першапачаткова выбар упаў на фестываль піва ў Лагойску. Не тое, каб надта хацелася таго халяўнага піва, але нібы абяцаўся быць нейкі там неблагі канцэрт. Наша ідэя ўшчэнт разбілася на паўдарозе Гродна-Мінск: уваход на фестываль каштуе 20 тысяч рублёў.

 

Так, нашыя браты-калегі ніколі не прабачаць нам такога шыку.

 

І мы, ужо зусім расчараваныя і стомленыя ад напружанага пошуку, бяром у рукі «Атлас аўтамабільных дарог СНГ», дакладна ўсвядомеўшы, што экскурс аўтаспынам абыйдзецца нам танней.

 

Чаму Львоў? Гэта, пэўна, першае, на што даў спасылку банк маёй памяці, абгрунтаваўшы гэты факт пакінутымі з дзяцінства ўспамінамі аб кароткім наведванні, калі лёды і атракцыёны маляваліся ў куды больш цудоўнай перспектыве, чым якія-небудзь там пяцісотгадовыя муры.

 

І яшчэ таму, што гэта радзіма «Океана Эльзы» , «Вопляў Відоплясова» і «Плача Яріміі». Гэта тут жывуць нашчадкі легендарнага Стэфана Бандэры. Гэта тут гадуецца мужнасць, здольная зрабіць рэвалюцыю на Майдане.

 

І та-а-а-к! Каля 15.00. Пятніца. Ускраіна Гродна. Нам усміхаецца сонца і надпіс «Шчаслівай дарогі!». І мы усміхаемся.

Можа таму, мінуўшы Скідзель і Масты, у хуткім часе мы апынуліся ля Слоніма ў напрамку на Кобрын. Блукаем у пошуку Алімпійкі, губляючыся ў бясконцай плыні аўтамабіляў. І…

 

Нарэшце аграмадны грузавік мігае паваротамі і з’язджае з дарогі. А быў вечар, хацелася спаць і есці. І так мы ўзрадаваліся гэтай вялізнай запыленай машыне!

 

А “дальнабойшчык” Дзіма зусім неблагі. Папярэдзіў, што любіць паразмаўляць, а недахоп сну кампенсаваў, пачаставаўшы нас кавай эспрэса ў прыдарожнай кавярні.

 

Дзіма з цікавасцю слухаў пра нашыя вандроўкі і цяжкасці студэнцкага жыцця. На развітанне запрасіў ехаць з ім у Піцер. Магчыма, у перспектыве.

 

Мы рушылі далей. Мінулі Брэст, Варшаўскі мост і… кіламетр да мяжы – Макраны. Падсілкаваўшыся бутэрбродам і яблыкамі, пайшлі пераходзіць мяжу.

 

З уласнай біяграфіі стопера ведаю: няма больш прышпільнага шпацыру, чым пешшу праз мяжу, калі ў памежнікаў вочы робяцца круглымі ад словаў: «Мы ў Львоў. Пешшу». Атрымліваем у міграцыйнай картцы запіс «пешеход».

 

Мінаем Ковель і Новавалынск. Да мэты падарожжа – рукой падаць. Па дарозе атрымалася крыху паспаць і пагутарыць пра палітыку з Ромам – бывалым кіроўцам, карэнным жыхаром Заходняй Украіны, адным з тых, хто ажыццявіў Памаранчавую рэвалюцыю на Майдане.

 

Субота. Дзевяць гадзін раніцы. Мы на аб’яздной каля Львова. Наша эйфарыя, крыху прыглушаная стомленасцю і хуткім развітаннем з Ромам, сціплым і добрым чалавекам, з дапамогай якога мы і апынуліся ў гэтым месцы і ў гэты час. Пажадалі адно аднаму ўсяго добрага і больш свабоды ды рушылі у розных напрамках. Мы – у бок прыпынку гарадскога транспарта.

 

Мы у Львове! У казачным, магутным, старажытным, неверагодным. Заскокваем у першы гарадскі аўтобус, плацім па 1.50 грыўны і едзем спасцігаць акрыленыя таямніцы брутальных муроў.

 

Мы не ведалі, дзе нам выходзіць, таму выходзім там, дзе стала моцна-моцна біцца сэрца. І не пашкадавалі. Таму што выйшлі каля Тэатра оперы – аднаго з найбольш знакамітых месцаў горада.

Тут усё і пачалося!

 

Бясконцыя натоўпы турыстаў, воклічы захаплення, святло фотааб’ектываў, картэжы, запрэжаныя статнымі конікамі, фантаны, вышынёй да 10 метраў, вузенькія вулачкі, выкладзеныя камянямі, перакрыжаванні, велічынёй з плошчу.

Мы блукалі па бясконцых вулачках, хавалі свой цень у цень стогадовых каштанаў, вышуквалі знаёмыя з “Трох мушкецёраў” мясціны, фатаграфаваліся ледзь не каля кожнай сцяны, каб узяць з сабою, як мага болей.

А ільвы? Яны тут усюды! Эмблемы, налепкі, выявы на будынках, элементы адзення, стужкі ў валасах дзяўчат. Яны хаваюцца сярод стоса апалых лістоў у цьмяных парках, вартуюць уваход у Парахавую вежу, пускаюць на плошчы феерверкі іскрыстых фантанаў.

Ільвы у выглядзе лёдаў, цукерак, печыва. Ільвяняты-графіці, намаляваныя дзіцячай ручкай на сценах брутальнага палаца XIV стагоддзя.

 

Львоў. 15.00. Субота. Вельмі хочацца есці. Падлічылі дробязь, што засталася пасля вандроўкі на мора – акурат 60 грыўнаў, якія мы праелі ў першай кавярні на нашым шляху. Так, нічога асаблівага, але на сцяне галоўнай залы ў шэраг – тры вялізныя пазлы з выявай Чэ Гевары, а кухня, нібыта, мексіканская.

Грошай засталося толькі на адзін праезд у гарадскім транспарце.

 

16.00 – далека яшчэ не фінал. Гадзіны дзве можна выдзеліць на сябе. І, вядома, гэты час аддадзены на гай Шаўчэнкі. Мы проста не маглі прапусціць гэта!

 

Нас не спыняе адсутнасць грошай і кошт увахода (10 грыўнаў з душы + 10 за фота). І вось, як бывалыя партызаны, мінаем высокі плот з дротам, два рады сеткі, ледзь не падаем у роў…

І мы на ўскрайку таго гаю, і радасці няма канца. Кіламетры два прайшлі пешшу да Мікалаеўшчыны. І перад намі адкрыўся гэты цуд, гэтыя 50 гектараў некранутых часам экспанатаў пад вольным Украінскім небам.

>

Старажытныя домікі, панскія сядзібы, драўляныя храмы зрабілі ўсё, каб мы перамясціліся ў глыб даўніны.

18.00. Львоў. Мяжа горада. Гэта не “областной центр”. Гэта сталіца амаль самастойнай дзяржавы – Заходняй Украіны, дзе нават каменныя ільвы мараць пра Еўразвяз. Гэта калыска нацыянальнай культуры і свядомасці. Гэта жывыя замалеўкі з “фэнтазі”, агорнутыя старажытным шармам і павуцінкай восеньскага суму.

 

Бывайце ільвы і ільвяняты! Вы трапілі у нашыя сэрцы! І, вядома, мы марым вярнуцца…

 

Леў пакінуў драпінку на сэрцы.

Дык, напэўна, мушу я вярнуцца.

 

Фота аўтара