Калі ўсё кепска – знайдзі ворага

|

Яшчэ ў старажытныя часы была вынайдзеная наступная формула: няма лепшага спосаба згуртаваць нацыю, чым знайсці знешняга ворага.

 

Перад пагрозай з боку гэтага ворага забываліся крыўды на кіраўнікоў, раздраі ў грамадстве, бо галоўнай задачай станавілася выжыванне краіны, нацыі.

 

Часта такая камбінацыя з “ворагам” (рэальным ці спецыяльна прыдуманым) дазваляла ўладарам рознага кшталту перажыць цьмяныя для сябе часы, назапасіць сілы, прымусіць “замаўчаць” (часта навекі) ворагаў народа, якія ў “цяжкія для народа часы” замест таго, каб стаць як адзін на абарону краіны (у рэальнасці часта – дыктатара), дазвалялі сабе крытыку ў адрас яе правадыроў.

 

Правальная гаспадарчая палітыка (а як яшчэ яе назваць, калі беларусы зарабляюць ледзь не найменш за ўсіх у Еўропе!), сумнеўныя геапалітычныя прыярытэты (найбліжэйшыя “саюзнікі” Беларусі маюць далёка не лепшую рэпутацыю ў свеце), спалучаныя з наступствамі сусветнага эканамічнага крызісу, паставілі краіну ў цяжкае становішча.

 

Тут бы пра радыкальныя рэформы падумаць, але ў нас замест іх прыдумалі “спектакль з ворагам”.

 

У выніку сёння з абодвух бакоў працуе “цяжкая артылерыя” прапагандысцкай кампаніі.

 

З Масквы – “хросныя бацькі” па НТВ, гнеўныя выступы Мядзьведзева ды дэпутатаў дзярждумы.

 

З Мінску – не менш вострыя адказы з боку Аляксандра Лукашэнкі (а-ля Зянон Пазьняк пачатку 90-х) і беларускіх дэпутатаў (тыя нават пазачарговае паседжанне з гэтай нагоды зладзілі).

 

Але на фоне ўсяго гэтага не пакідае ўражанне, што ўсё скончыцца пад Новы год мілымі абдымкамі ў сценах Крамля.

 

Пасля снежаньскіх выбараў усе застануцца пры сваім: Лукашэнка захавае пасаду Прэзідэнта, Крэмль – танныя шляхі для экспарту сваіх энэрганосьбітаў у Еўропу.

 

“Канфлікт” назавуць непаразуменнямі, справакаванымі “Захадам” і іх “халуямі” ў Расіі і Беларусі. 

 

І зноў пачнецца эра мірнага будаўніцтва “Саюзнага гасударства”. Прынамсі, да наступных выбараў.

 

А там, магчыма, і новыя “ворагі” знойдуцца.

 

На здымку: Якая “вайна”, такія і “бамбардыроўшчыкі”

 

Фота: www.inpic.ru