Актывіст Саюза палякаў пакараны штрафам

|

Суд Ленінскага раёна Гродна задаволіў адміністратыўны пратакол, складзены супрацоўнікамі праваахоўных органаў у дачыненні да Анджэя Пачобута, якога абвінавацілі ў тым, што ён прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу каля Дома польскага, які адбыўся 17 студзеня бягучага года.

На думку Анджэя Пачобута, абвінавачванне цалкам неабгрунтаванае перш за ўсё таму, што падзеі былі справакаваныя кіраўніком праўладнага саюза палякаў Іосіфам Лучнікам:

– На мой погляд, ніякага мітынгу не было – Язэп Лучнік выслаў запрашэнне старшыні арганізацыі Анжаліцы Борыс, свядома правакуючы такую сітуацыю. Ён хацеў паказаць, што мы не хочам дыялогу. Але тысячы сяброў нашай арганізацыі лічаць яго марыянеткай, якую ўлады прымусілі кіраваць штучна створанай арганізацыяй, таму пра далейшы лёс Саюза палякаў з ім ніхто не збіраецца размаўляць. Калі дыялог адбудзецца – то толькі з прадстаўнікамі ўлады.

Пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні былі складзеныя яшчэ на двух актывістаў непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў – Ігара Банцэра і Мечыслава Яскевіча, якіх будуць судзіць завочна. Што датычыць Мечыслава Яскевіча, то міліцыянты не здолелі своечасова ўручыць яму позву ў суд. Ігар Банцэр з’явіўся ўчора ў суд, але суддзя Наталля Козел выдаліла яго з залі.

У залу на паседжанне былі дапушчаныя толькі Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс. Астатнія людзі, таксама журналісты незалежных медыя, у будынак суда не дапускаліся.

Людзі стаялі перад будынкам і патрабавалі, каб іх пусцілі напісаць скаргу на імя старшыні суда пра тое, што яны, як грамадзяне Рэспублікі Беларусь, маюць права на ўдзел ў працэсе, таму што, паводле Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь, працэс з’яўляецца адкрытым. Аднак міліцыянты не рэагавалі на іх патрабаванні.

Паводле суддзі Наталлі Козел, якая традыцыйна судзіць прадстаўнікоў гродзенскай апазіцыі, яна не ў стане вырашыць пытанне прысутнасці людзей на судовым паседжанні.

Анджэй Пачобут не прызнаў сябе вінаватым у здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння, а паказанні сведкаў-міліцыянераў і галоўнага спецыяліста аддзела па справах рэлігій і нацыянальных меншасцей гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Скрабко выклікалі ў залі смех. Асабліва, калі чыноўнік распавядаў суду, як 17 студзеня чуў каля польскага дома польскую мову і вырашыў, што гэта лаянка. Хаця па пытанне Пачобута, ці ведае ён польскую мову, адказаў адмоўна. Сведкі – міліцыянеры – вырашылі, што Анджэй Пачобут актыўна ўдзельнічаў у мітынгу на падставе таго, што ён перасоўваўся каля польскага дома, чым, на іх погляд, і парушаў грамадскі парадак.

 Радыё Рацыя

фота Радыё Рацыя