Рэпетытары: інвестыцыя ці марнатраўства?

|

Што ж трэба, каб паспяхова паступіць у ВНУ? Да якіх дадатковых заняткаў варта звярнуцца? Колькі сіл трэба прыкласці і як правільна падрыхтавацца да тэстаў? 

 

На гэтыя і іншыя пытанні паспрабавалі адказаць самі выпускнікі і іх настаўнікі.

 

У апошнія некалькі гадоў у моду ўвайшлі так званыя рэпетытары. Калі застаешся тэт-а-тэт з выкладчыкам,  матэрыял засвойваецца хутчэй і надзейней, з’яўляецца магчымасць разабрацца з усім тым, што даўно было запушчана, атрымаць тлумачальныя каментары.

 

Але варта прыняць да ўвагі і тое, што ўсе рэпетытары, як правіла, з’яўляюцца школьнымі выкладчыкамі, а значыць, увесь патрэбны матэрыял можна было пачуць і на ўроках, пазбягаючы пры гэтым дадатковых выдаткаў.

 

Вось некаторыя каментары на гэты конт:

 

“Звычайна, самыя высокія балы на тэставанні набіраюць дзеці, якія рыхтаваліся да ЦТ без дапамогі рэпетытараў, а таксама прызёры алімпіяд і конкурсаў, – распавядае Аляксей Кавалевіч, выкладчык фізікі Гродзенскай гарадской гімназіі.  – У выпускнікоў заўсёды ёсць магчымасць працаваць і разбірацца  з матэрыялам на ўроках, наведваць факультатывы па неабходных прадметах, прасіць дапамогі ў сваіх  настаўнікаў.

 

У сваю чаргу  выкладчык заўсёды параіць патрэбную літаратуру, пакажа на слабыя і моцныя месцы, дапаможа рашыць цяжкі прыклад ці задачу. На факультатывах для адзінаццацікласнікаў разбіраюцца леташнія тэсты, тыповыя памылкі, а матэрыял вывучаецца на паглыбленым узроўні. Я лічу, што паступіць без рэпетытара не проста можна, а цалкам рэальна, галоўнае – прыкласці намаганні”.

 

Вольга, выпускніца 10-й школы, 2010 г.

 

“Я паступала  ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт філалогіі без рэпетытараў. Нагрузка была  вялікая, даводзілася прымушаць сябе сядзець над падручнікамі, заставацца на факультатывы. Але ў выніку ЦТ я здала на прыстойны бал і прайшла на бясплатнае навучанне.

 

Я не хачу сказаць, што рэпетытары – гэта дрэнна ці непатрэбна. Не, гэта выдатна. Але для сябе я зрабіла выснову, што паступіць можна і без іх, галоўнае – своечасова сябе прымусіць вучыцца”.

 

Не кожны вучань можа самастойна вызначыць сваю будучыню, не кожны валодае жалезнай сілай волі. У такім выпадку за справу бяруцца бацькі. А для іх, заклапочаных шчасцем дзіцяці, адзіным правільным рашэннем з’яўляюцца заняткі з рэпетытарам.

 

“Паўтарыць усю школьную праграму самастойна даволі складана. А ўлічваючы той факт, што  пытанні беларускіх тэстаў складзеныя не заўсёды карэктна і зразумела, вучням патрэбна дапамога.

 

Але не ўсё залежыць ад рэпетытара. Важна і жаданне самаго  вучня атрымліваць тыя веды, якія можа даць яму педагог,  – каментуе выкладчыца хіміі Наталля Жыдкевіч.

 

– Калі дзіця накіравана на паступленне, то з рэпетытарам ці без яго, яно паступіць. Але калі дадатковыя заняткі – гэта толькі капрыз бацькоў, то грошы будуць выкінуты на вецер”.

 

А што ж лічаць самі вучні:

 

Рома, 11 клас

 

“У мяне рэпетытар па ангельскай мове, хоць ЦТ буду пісаць яшчэ па матэматыцы і рускай мове.  Але  з астатнімі прадметамі, думаю, змагу разабрацца і самастойна. Але вось ангельская…

 

Так склалася, што пачынаючы з 5-га класа ў нас змяняліся выкладчыкі, мы прапускалі мноства тэмаў, несур’ёзна падыходзілі да гэтага прадмета. А ў 11-м класе ўсе свае бедныя веды тэрмінова спатрэбілася сістэматызаваць. 

 

Для гэтых мэтаў ніхто так добра не падыдзе, як выкладчык, зацікаўлены ў тваім паступленні ў ВНУ і тваіх ведах. Таму і вырашыў скарыстацца рэпетытарскімі паслугамі”.

 

 

Маша, 10 клас

 

“Ужо з гэтага года я хачу пачаць заняткі з рэпетытарамі, наведваць факультатывы, займацца самастойна.

Мая мэта – паступленне ў Маскву, а гэта не так проста.

 

Таму і даводзіцца думаць пра заняткі ўжо цяпер, у 10 класе”.

 

Каця, 11 клас

 

“Усе мае аднакласнікі зараз замітусіліся, забегалі па рэпетытарах, а мне вось што цікава: няўжо яны праўда толькі  цяпер вырашылі, што будуць здаваць той ці іншы прадмет, на які раней і ўвагі не звярталі?

 

А як жа так атрымліваецца, што ведаеш і любіш  адзін прадмет, а паступаць збіраешся на зусім іншую спецыяльнасць?! Я лічу, што праца і прафесія – гэта тое, што будзе цікава табе ўсё далейшае жыццё. А калі ты толькі ў 11 класе зразумеў, куды ты жадаеш паступаць і што табе вучыць, то якім жа ты будзеш адмыслоўцам?  З пятага класа вучыў і займаўся біялогіяй, а зараз раптам вырашыў здаць ЦТ па матэматыцы і падацца ў інжынеры, так атрымліваецца?!

 

Я заўсёды марыла  стаць лекарам і з пачатковых класаў цікавілася біялогіяй, хіміяй і іншымі прыродазнаўчымі навукамі. Займалася, хадзіла на алімпіяды, чытала шмат літаратуры.

 

І цяпер мне здаецца, што без рэпетытараў я здольна здаць патрэбныя экзамены, бо гэтыя веды адкладаюцца ў галаве ўжо не першы год.

 

Мая пазіцыя ў гэтым пытанні некалькі састарэлая, напэўна, але затое справядлівая”.

 

Паступаць з дапамогай рэпетытара ці без яе, вырашаць, вядома, вам. І для таго, каб дапамагчы  вучням і бацькам прыняць рашэнне па гэтым пытанні,  мы зрабілі няхітры матэматычны падлік.

 

Такім чынам, каб паспець усё паўтарыць і вывучыць на занятках з рэпетытарам, вам спатрэбіцца, прынамсі, адзін навучальны год. Гэта 9 месяцаў, у кожным з якіх 4 тыдні.

 

У сярэднім, будучы абітурыент і рэпетытар сустракаюцца 1-2 разы ў тыдзень. Кошт за адну гадзіну заняткаў вагаецца, у сярэднім, ад 5 даляраў да 5 еўра.

 

Адпаведна, вашыя выдаткі за навучальны год складуць каля 720 даляраў. Але ў гэтыя грошы не ўваходзяць выдаткі на літаратуру, зборнікі  тэстаў і правіл. Таму можна смела накінуць яшчэ сотню баксаў.

 

Здаецца, дарагія выпускнікі, гэты год абыйдзецца вам “у капеечку”!