Казкі Жыцця Мікіткі і Данілка

|

Ад пачатку існавання нашага інтэрнэт-радыё Ігар вёў на ім рубрыку “Казкі жыцця”. Некаторыя з казак, якія ўвайшлі ў аўдыёкнігу, першымі ў свой час пачулі менавіта слухачы “Твайго стылю”.

 

 

 

– Ігар, як даўно ў цябе ўзнікла ідэя стварэння казак?

 

– Я стараўся з самых першых месяцаў жыцця маіх сыноў тлумачыць ім, што вакол іх. Адкуль жа яны могуць даведацца пра свет, як не ад бацькоў?!

 

Я заўсёды быў упэўнены, што яны разумеюць, пра што я расказваю, таму ўкладаў у гэтыя расповяды ўсе свае веды.

Аднаго разу я пачуў, як мая жонка Ірына распавядае малому казачку пра вожыка Шук-Шука.

 

І тут я зразумеў, што казка – гэта найлепшая форма данясення інфармацыі да дзіцяці пра жыццё і пра свет, пра каштоўнасці .

Ад таго часу, укладаючы малых спаць, я пачаў распавядаць ім казкі. Але замест просценькіх апавяданняў ні пра што стараўся прыдумляць гісторыі, у якіх свабода, любоў да свайго народа, да сваёй краіны, сацыяльная актыўнасць былі б асновай станоўчых паводзінаў галоўных герояў.

 

– Табе самому чыталі ці распавядалі казкі ў дзяцінстве? Хто?

– І казкі чыталі, і песні спявалі. Гэта была мая прабабуля Тэкля. Яна была практычна сляпая, бачыла толькі святло і цемру, але была надзвычай працавітая: і прыбірала ў хаце, і палола грады, і гатавала надзвычай смачныя стравы. А якія яна казкі распавядала! І якія песні спявала! Шкадую толькі што ў тыя часы недатумкаў запісаць хоць адну казку ці спеў, якія доўжыліся гадзінамі.

 

– Якая казка была самая любімая?

– Бясконцыя казкі пра Піліпку-сынка, якія расказвала мая любімая бабуля. Здавалася, што пра Піліпку-сынка яна магла распавядаць гадзінамі. Прычым ніколі казкі не паўтараліся. Думаю, яна іх проста прыдумляла.

Яшчэ памятаю казку пра пеўніка, які не слухаўся парадаў бацькоў і таму ўваліўся пад лёд і памёр. Мяне заўсёды ўражвала канцоўка. Кожны раз, як я перачытваў гэтую казку, мне здавалася, што вось зараз, гэтым разам пеўнік выратуецца. Гэтая казка мне здавалася надзвычай жорсткаю ў параўнанні з казкамі пра Піліпку.

Памятаю казачку пра чорную курачку, таямніцу якой выдаў лепшы сябар. Таксама мяне гэтая здрада вельмі ўразіла.

Думаю, што гэтыя ўражанні не проста засталіся, а я імі кіруюся і сёння. Мне, ва ўсялякім разе, хочацца ў гэта верыць.

>

– Казкі прабабулі наcтолькі ўразілі, што ты вырашыў стварыць свае?

Таму што лічу, што маю сваё бачанне некаторых рэчаў і хачу, каб пра гэта даведаліся мае сыны. Хачу, каб яны сталі такімі людзьмі, якія будуць прытрымлівацца істотных для мяне прынцыпаў, будуць адпаведным чынам сябе паводзіць.

– Ці не лічыш ты, што для намесніка дэкана, дарослага чалавека, бацькі двух дзяцей гэта занадта легкадумны занятак, які можа негатыўна паўплываць на імідж?

 

– Баяцца за імідж толькі людзі няўпэўненыя ў сваіх сілах. Якая мне розніца, што пра мяне будуць думаць іншыя, калі казкі дапамагаюць расці і лепш разумець свет маім сынам?

А з другога боку, з якога гэта такога часу клопат пра сваіх дзяцей з’яўляецца хібай? Ды і пра казкі, як пра нешта несур’ёзнае, могуць думаць толькі людзі, якія не знаёміліся з добрымі казкамі.

 

Паспрабуйце напісаць казку ды яшчэ так, каб дзеці яе слухалі, а да таго ж, каб дарослыя яе ўспрымалі, як цікавую казку і выбіралі яе для свайго дзіцяці.


            

– Ці плануеш у будучыні працягваць “казачную” дзейнасць?

– Так, планую. У мяне зараз ёсць некалькі тэмаў. Зараз маю дзесяць, праўда, пакуль недапрацаваных казачак пра Горадню: як узнікла назва нашага горада, адкуль узяўся Стары замак, хто такі Давыд Гарадзенскі, чаму пад горадам ёсць падземныя хады, куды падзелася Гарадзенская ратуша, чаму гарадзенцы атрымалі гарадскі герб з аленем і г.д.

Ёсць і іншыя задумкі, але пра іх пазней. Пакуль жа ў планах выдаць кнігу казачак і паспрабаваць усе казачкі анімаваць.

 

– А пра што была б казка для “Твайго стылю”?

– Гэта магла б быць казачка пра маленькую вестачку, якую злы павук хацеў схаваць ад людзей.

 

Казачка  пра тое, як гэтую вестачку шукалі, а пазней неслі людзям. І што людзі зрабілі з вестачкай.

 

Рэдакцыя “Твайго стылю” шчыра віншуе Ігара з яго першай аўдыёкнігай!

 

Дарэчы, адна з казачак Ігара ўвайшла ў зборнік “Зачаруй казкай”, прэзентацыя якога адбылася 14 кастрычніка ў Мінску!