Студэнцкі хлеб ці пра тое, як самастойна зарабіць на вучобу
Працу на лета, якая дазволіла б назапасіць нешта на будучую вучобу, плануюць знайсці многія.
Некаторыя абмяжоўваюцца толькі думкай кшталту: “А вось добра было б…”. Але ёсць і такія, хто гатовы ахвяраваць сваім вольным часам, каб знайсці занятак і пазней атрымаць свае сумленна заробленыя грошыкі.
Апытанне гарадзенскіх студэнтаў-першакурснікаў паказала, што спосабы летніх падпрацовак у кожнага былі свае.
Павел: “Я быў проста змушаны працаваць гэтым летам, бо запіс у працоўнай кніжцы павінен быў дапамагчы мне ўладкавацца на завочную бюджэтную форму навучання ў Мінск. Прынялі па знаёмстве ў “ГроднаСельБудПраект”. Праца складалася з раздрукоўкі чарцяжоў на плотары (гэта такая велізарная друкарка). У месяц атрымліваў каля 500 тысяч. Два месяцы адпрацаваў”.
Лена: “Я працавала ўлетку ў Брэсце. Адбірала ягады на нарыхтоўцы. Сядзіш цэлы дзень у хаце з самай раніцы і да позняга вечару. Спачатку чакаеш, калі прывязуць усё патрэбнае, потым пачынаеш працаваць. А праца складаная, стамляешся моцна. Плацілі 15 тысяч у дзень. Грошы вельмі патрэбныя былі, таму паўтара месяцы прапрацавала”.
Аліна: “Не хацелася сядзець у хаце склаўшы рукі і праціраць джынсы за кампутарам. Пайшла ў цэнтр занятасці, для таго каб уладкавацца на працу. Прапанавалі некалькі вакансій. З іх мне больш спадабалася праца ў бібліятэцы. Працавала нядоўга, ды і праца нескладая: кніжкі падклейваць. За два тыдні заплацілі 80 тысяч”.
Андрэй: “Мы з сябрам фарбавалі платы за 20 тысяч у дзень. У 8.00 раніцы пачыналі і да 15.00. Было цяжка, але ў большай ступені з-за высокай тэмпературы, якая гэтым летам біла ўсе рэкорды. Два тыдні папрацаваў, а потым кінуў. Вырашыў, што лепш у такое надвор’е ў возеры купацца, чым ацэтонам дыхаць”.
Дзяніс: “Каля месяца працаваў на будаўнічым складзе. Поўны працоўны дзень: з 8.00 да 17.00. Падмятаў падлогу, сачыў за парадкам. Заплацілі 90 тысяч. Быў сур’ёзна незадаволены: фактычна цэлы месяц змарнаваў”.
Алёна: “Гэта лета была занята падрыхтоўкай да паступлення, таму жнівень, адзіны вольны ад усялякіх клопатаў месяц, не хацелася загружаць працай. Хацела адпачыць, набрацца сіл перад вучобай.
Ды і бацькі былі супраць таго, каб я працавала. Хоць мінулым летам я падпрацоўвала ў МТС: раздавала ўлёткі. Праца вельмі спадабалася, бо даводзілася мець зносіны з людзьмі, а мне гэта падабаецца”.
З прыблізна 80 апытаных студэнтаў толькі каля 14 чалавек гэтым летам працавалі. Хтосьці нават не думаў пра тое, каб знайсці часовы заробак, некаторыя былі заняты падрыхтоўкай да паступлення.
Большасць студэнтаў казалі, што сутыкнуліся з вялікімі цяжкасцямі ў пошуках працы. Сапраўды, студэнтам, асабліва непоўнагадовым, знайсці аплочваемую працу вельмі складана, але магчыма.
А як заўважыў адзін з юнакоў, з якім мне давялося паразмаўляць: “Захочаш грошай – і ў 14 гадоў працу знойдзеш!”.