“Рытм” стаў яшчэ і “Азотам”
Цяпер самая славутая беларуская каманда па хакеі на траве афіцыйна называецца “Рытм-Азот”.
Дывідэнты ад змены статуса хакеісткі адчулі адразу.
Так, 11 кастрычніка ў актавай залі аб’яднання “Азот” адбылася сустрэча хакеістак і трэнераў “Рытма” з кіраўніцтвам прадпрыемства.
Дырэктар “Азота” Ігар Жылін павіншаваў каманду з 19-й запар перамогай у чэмпіянаце краіны ды ўзнагародзіў хакеістак і іх трэнераў прэміяй “за высокія спартыўныя дасягненні”.
“Азот” фактычна выратаваў “Рытм” ад банкруцтва. Яшчэ ў пачатку года каманда была на мяжы банкруцтва, а яе лепшыя гульцы пісалі заявы аб звальненні.
Заробак хакеістак складаў усяго 300-400 тысяч.
Вясной было прынята рашэнне, што “Рытм” пераходзіць на баланс прадпрыемства і фактычна будзе лічыцца цэхам “Азота”. Хакеісткам быў паабяцаны штомесячны заробак у памеры 1,7 міліёна.
У мінулым годзе ішлі актыўныя размовы пра тое, што “Азот” возьме пад апеку куды больш папулярны сярод аматараў спорта “лядовы” хакейны “Нёман”. Аднак кіраўнікі клуба і прадпрыемства не дамовіліся пра “кошт” пытання.
Тым не менш “Азот” застаецца адным з галоўных спонсарах і хакейнага “Нёмана”.
Паводле прэзідэнцкага ўказа пра дзяржаўную падтрымку спартыўных клубаў краіны прадпрыемства павінна пералічыць хакеістам 262 міліёны рублёў.
Фота: http://picasaweb.google.com/klimmilk1974/yLVFvD#