Кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў прыехаў у Гродна
Як паведаміў Рыгор Кастусёў, прадвыбарчая кампанія ў краіне праходзіць спакойна, згодна з графікам, які быў запланаваны на самым пачатку. “Мы не штурмуем людзей, усё праходзіць у спакойным, размераным рытме! – паведаміў кандыдат у прэзідэнты. – Зараз я наведваю розныя гарады і праводжу сустрэчы з выбаршчыкамі. Пазаўчора, нарыклад, быў у Горках, затым у Оршы, у Віцебску. Зараз пераключыліся на Гарадзенскую вобласць, сёння прыбылі ў Гродна. Раней пабывалі ўжо ў Берасцейскай вобласці. Напружання вялікага няма, усё праходзіць спакойна, разважліва”.
Па словах Рыгора Кастусёва, людзі ў гарадах ставяцца да яго з разуменнем, цікаўнасцю. “Уражанні ў мяне толькі самыя прыемныя. У які горад я бы не прыехаў, няма той агрысіўнасці і варожасці, якая была раней – у 2006 ці ў 2001 годзе. Недзе, канешне, варожасць і праяўляецца, але гэта адзінкавыя выпадкі. Я разумею гэтых людзей, гэта недзе 25-30 адсоткаў насельніцтва Беларусі, якія з’яўляюцца шчырымі прыхільнікамі дзеючага прэзідэнта. Мы на іх не звяртаем увагі, наша галоўная задача – праца з нашымі прыхільнікамі і тымі, хто яшчэ не вызначыўся, за каго ім галасаваць. Такіх людзей, якія яшчэ не вызначыліся ў сваім выбары, як я бачу, большасць”.
Ва ўсіх гарадах Беларусі праходзяць пікеты па збору подпісаў, працуюць людзі з каманды Рыгора Кастусёва. “Я, канешне, за адзін дзень надвор’я не зраблю, пабываўшы ў Гродна ці іншым горадзе, але гэта, з аднаго боку, падтрымка нашых людзей, якія стаяць у такое надвор’е на вуліцы і збіраюць подпісы, з іншага боку, мая прысутнасць мае водгукі па горадзе: людзі паміж сабой размаўлюць, што прыязджаў кандыдат”.
Рыгор Кастусёў: “Калі я быў пазаўчора ў Горках, мы зладзілі збор подпісаў у студэнцкім інтэрнаце. Мая асабовая прысутнасць выклікала ў студэнтаў вялікую зацікаўленасць. Практычна ўсюль, у якія б інтэрнаты мы не хадзілі, моладзь амаль заўсёды ідзе на кантакт, адмоваў практычна не было. Было шмат пытанняў, шмат зацікаўленасці да нашай працы.
Вельмі добра прайшла сустрэча з прадпрымальнікамі ў Оршы і ў Баранавічах. Ды ўвогуле, у любым горадзе, дзе мы былі, прадпрымальнікі вельмі добра ставіліся да мяне як да кандыдата. Такога я нават не чакаў, таму што раней прадпрымальнікі былі вельмі асцярожныя”.
“Асабліва прыемна бачыць, што зараз нашыя людзі вельмі актыўна цікавяцца выбарчай кампаніяй,” – дадаў Рыгор Кастусёў.
Фота з www.svaboda.org