Рэліквіі святара-пакутніка будуць захоўвацца ў Скідзелі
Урачыстасці ўводзінаў рэліквіі прызначаны на гэты дзень невыпадкова, 19 кастрычніка 1984 года польскі святар, капелан “Салідарнасці”, быў закатаваны спецслужбамі.
Касцёл у Скідзелі вызначаны біскупам Аляксандрам Кашкевічам месцам культу блаславёнага.
Урачыстасці распачнуцца ў 18.00. Тады ж будзе асвячана фігура бласлаўлёнага.
Рэліквіі перадаў Гродзенскай дыяцэзіі арцыбіскуп Варшаўскі Казімір Ныч.
Кс.Ежы Папялушка нарадзіўся на Беласточчыне, стаўшы святаром, меў прыязныя стасункі з актывістамі “Салідарнасці”.
Паводле біяграфіі святара, змешчанай на сайце http://westki.info, Ежы Папялушка ніколі не ангажаваўся наўпрост у дзейнасць супраціву, аднак заўсёды падтрымліваў патрыётаў духоўна.
Калі ў 1981 годзе рух “Салідарнасці” стаў набіраць моц, кс. Папялушка служыў набажэнствы на ахопленых страйкамі варшаўскіх прадпрыемствах.
Пасля ўвядзення ў снежні таго ж году ваеннага становішча кс. Ежы стаў праводзіць у варшаўскім касцёле св. Станіслава Косткі Імшу за Айчыну.
На гэтыя набажэнствы збіраліся тысячы людзей, якія прагнулі знайсці для сябе хрысціянскі адказ на злачынствы рэжыму.
“Не дазволь перамагчы злу, але перамагай зло дабром”, – гэтая цытата з ліста Апостала Паўла да рымлянаў стала дэвізам для святара.
Ён быў перакананым прыхільнікам негвалтоўнага супраціву.
У сваіх казаннях кс. Папялушка смела і адкрыта казаў пра заганы аўтарытарнай улады, але адначасова перасцерагаў людзей ад таго, каб яны адказвалі рэжыму яго ж метадамі.
Ксёндз заўсёды быў побач з тымі, хто цярпеў ад несправядлівага пераследу, вельмі шмат дапамагаў ахвярам рэпрэсій.
Удзельнікі супраціву называлі ксяндза Папялушку “капеланам “Салідарнасці”, хоць ніхто афіцыйна не надаваў яму такі тытул.
Рэжым не мог дараваць кс. Папялушку ягоныя пропаведзі і ягоную салідарнасць з пераследаванымі. На ксяндза была заведзеная крымінальная справа, за якую яму пагражалі дзесяць год турмы.
Падчас ператрусу ў ягоным доме была “знойдзена” зброя, што стала падставай для прапагандысцкай кампаніі ў сродках масавай інфармацыі. За ксяндзом сачылі, супраць яго ладзілі правакацыі, дасылалі лісты з пагрозамі.
Калі стала зразумела, што ніякія метады ціску не спрацоўваюць, спецслужбы прынялі рашэнне забіць кс. Папялушку.
Увечары 19 кастрычніка 1984 года яго машыну спынілі каля Торуні два супрацоўнікі Службы бяспекі, пераапранутыя ў форму дарожнай міліцыі.
Ксяндза схапілі, звязалі і кінулі з моста ў Віслу.
Цела святара-пакутніка было знойдзена ў рацэ толькі праз дзесяць дзён.
У снежні 2009 года кс.Ежы Папялушка прызнаны Каталіцкай Царквой мучанікам, а сёлета 6 чэрвеня абвешчаны блаславёным.
Група святароў і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі на чале з біскупам Аляксандрам Кашкевічам удзельнічалі ў беатыфікацыйных урачыстасцях у Варшаве.
Фота кс. Ежы Папялушка з сайта http://atonementparish.blogspot.com