Аўтастопам па Балканах

| Без катэгорыі

Падарожжа пачалося 4 жніўня з аэрапорта ў Катовіцах і палёту ў Венецыю. Я і Міхал пазнаёміліся там з адным з самых яркіх людзей, якіх убачылі за апошні час – Массіма. У яго мы начавалі па couch surfingie. Незвычайным было тое, што кожны хлопец, які згаджаўся начаваць у Массіма павінен быў вучыцца рэслінгу. Міхал тады вучыўся рэслінгу разам з гішпанцам, які таксама начаваў у нашага гаспадара. У гэтага італьянца за пяць гадоў пераначавала больш за 600 чалавек!

 

З Венецыі мы паехалі на цягніку ў Трыест (горад на поўначы Італіі), дзе пазнаёміліся з не меней цікавым хлопцам з Шатландыі, які апынуўся сапраўдным падарожнікам – ужо 9 месяцаў ён у дарозе аўтастопам па Італіі, Славеніі і Харватыі. Сказаў, што не ведае нічога лепшага ў жыцці, чым падарожжа.

>

З Італіі мы адправіліся стопам у Любляну. Хачу падкрэсліць, што Славенія – гэта адна з самых прыгожых краін, якія я бачыла, а Любляна, хоць і невялікая, але вельмі прыгожая сталіца з прыязнымі людзьмі, якую варта наведаць.

З Любляны таксама стопам мы даехалі ў Загрэб, а адтуль – у Спліт на адрыятычнае ўзбярэжжа. Пасля адпачынку на харвацкім пляжы, паехалі аўтобусам у Сараева, якое ў маім асабістым рэйцінгу зараз на першым месцы! Сараеўская даліна сярод Дзінарскіх Альп, тут знаходзіцца сталіца Босніі і Герцагавіны.

Нам таксама вельмі спадабаліся смачныя балканскія стравы.

З Сараева мы накіраваліся ў Чарнагорыю, вельмі прыгожую, але невялікую краіну, якую нам ўдалося праехаць аўтастопам за адзін дзень. Па дарозе мы ўбачылі народны парк Дурмітор і мост на рацэ Тара – самым глыбокім каньёне Еўропы. Увечары даехалі да Бару – гораду на чарнагорскім адрыятычным узбярэжжы і пераначавалі на… пляжы.

Наступнай краінай на нашым шляху была Албанія – цікавая і экзатычная краіна. Мы наведалі Тырану, потым пераехалі ў Дуррэс на моры, а адтуль на цягніку на Охрыдзкае возера каля мяжы з Македоніяй.

Горад Охрыда – прыгожы драўляны горад у Македоніі. Тут можна ўбачыць помнікі з антычных часоў.

З Охрыды – у Скапэ, дзе мы апынуліся познім вечарам у спякоту вышэй за 40 градусаў. У Скапэ мы зрабілі аднадзённую экскурсію ў Косава. Зазірнулі ў Прышцмну, дзе я ўбачыла помнік Білу Клінтану. Дарэчы, самым вялікім святам у Косава з’яўляецца дзень нараджэння Біла Клінтана – 19 жніўня.

На наступны дзень мы даехалі да Сафіі, сталіцы Балгарыі.

Далей на цягніку мы паехалі ў Белград. Пабачылі велізарную крэпасць Калемегдан – самы вялікі храм у свеце і будынкі ў цэнтры гораду з вялікімі дзюрамі ад бомбаў, якія нагадваюць аб нядаўняй вайне на Балканах. Аўтастопам жа трапілі ў Новы Сад, аб якім гавораць, што гэта самы прыгожы горад у Сербіі і гэта, на мой погляд, праўда.

З Сербіі, пра якую я буду памятаць як пра краіну самых добразычлівых людзей, мы паехалі ў Венгрыю, дзе раздзяліліся: дзяўчаты накіраваліся ў Польшчу, а мы з Міхалам – у Будапешт.

 

З Будапешту – адразу ў Прагу, дзе на заправачнай станцыі здарылася смешная гісторыя. Мы прыехалі познім вечарам і мелі намер там і пераначаваць, не заязджая ў цэнтр. Але раптам падбег да мяне нейкі хлопец і спытаў па-ангельску, як мяне клічуць. Пасля майго адказу з задавальненнем перайшоў на польскую мову: «Ася! Будзе лягчэй чым я думаў». Нарэшце хлопцаў было чатыры чалавекі, і разам з імі мы наведалі начную Прагу.

…За 8 кіламетраў ад польскай мяжы, без усялякай надзеі на хуткае вяртанне, раптам спынілі машыну, і дзве дзяўчыны, якія на ёй ехалі, забралі нас дамоў.