У хакей гуляюць сапраўдныя жанчыны…
– Лічыцца, што хакей – мужчынскі від спорту. Згодны лі вы з гэтым сцвярджэннем?
– Ну, вядома, калі мы гуляем з мужчынамі, то ў іх відавочная перавага, таму што яны хутчэй, у іх мацнейшыя кідкі. Калі гуляем з мужчынамі, відаць, што сілы адрозніваюцца і атрымліваецца няроўны бой. Але калі мы (дзяўчаты) гуляем паміж сабою, то я лічу, што дзяўчына можа авалодаць усімі прыёмамі хакею.
– З якімі жаночымі камандамі вам даводзілася сустракацца на лёдзе?
– Пакуль мы гуляем паміж сабой, а наогул проста турнір не пачаўся.
– Як вы рыхтуецеся да хуткіх гульняў?
– Гуляем з мінскай лігай, з мужчынамі-аматарамі. Кожную суботу гульні.
– Ваш тыповы трэніровачны тыдзень?
– У нас штодзённыя трэніроўкі. Спачатку, у верасні, было па дзве трэніроўкі ў дзень. Зараз – адна, на якой мы робім розныя практыкаванні, ну і хвілін пятнаццаць ідзе гульня па пяцёрках.
– Як менавіта вы трапілі ў хакей?
– У 16 год я захацела сур’ёзна заняцца якім-небудзь відам спорту, але не банальна, як усе, фітнэсам альбо аэробікай…Я пайшла ў аматарскую групу па фігурным катанні, там стала на канькі, навучылася катацца. А потым пайшла да трэнера па хакеі прасіць, каб узялі мяне ў аматарскую хакейную каманду. Вядома, яны не хацелі мяне браць, але праз два месяцы я туды трапіла (смяецца).
– Якая ваша мэта ў хакеі? Да чаго імкнецеся асабіста вы і ваша каманда?
– У каманды ёсць мэта заняць трэцяе месца ў чэмпіянаце Латвіі, вось такая ёсць усталёўка…Асабіста я хачу стаць у адну лінейку з легіянерамі, дзяўчатамі з Латвіі, Славакіі, Расіі. У іх, натуральна, вышэй узровень і проста хочацца катацца на іх узроўні.
– Юля, а ўзнікала калі-небудзь жаданне ўсё кінуць?
– Не. Калі сумленна, не. Мне гэта падабаецца і зацягвае…
– Чым вы займаецеся акрамя трэніровак?
– У Раўбічах, дзе мы трэніруемся, цяжка чымсьці займацца, там поўная ізаляцыя. Няма ні крамаў, нічога… Вакол лес. Па вечарах мы проста чытаем часопісы, кнігі… Потым нас збіраюцца пераводзіць на кватэру ў Мінску, там, я спадзяюся, можна будзе хаця б з сяброўкамі сустрэцца, пагуляць…Таму што так, вядома, цяжкавата.
– На вашу думку, які аптымальны ўзрост дзяўчыны для пачатку засваення хакею?
– Як мага раней. Напрыклад, хлопчыкаў набіраюць з 5-6 год і для дзяўчынак, я мяркую, гэта ідэальны ўзрост. Таму што я стала на канькі ў 16 год і зараз мне цяжэй авалодаць тэхнікай.
– А як бацькі і сябры ставяцца да вашага захаплення хакеем?
– Бацькі мяне падтрымліваюць. Кажуць, што гэта мой выбар… І ўвогуле, вельмі ганарацца мною. Сябры былі ў шоку… Я ім патэлефанавала і сказала, што застаюся ў Мінску, на вучобу не вярнуся і яны вядома «абалдзелі» (смяецца).
– Дзе навучаецеся?
– Зараз я перавялася на завочнае аддзяленне факультэта эканомікі і кіравання ГрДзУ імя Янкі Купалы, дагэтуль навучалася на стацыянары, на 4 курсе.
– Якія планы на будучыню і як яны звязаны з хакеем?
– У будучыні я збіраюся працаваць па прафесіі, бо лічу, што хакей – не стабільны занятак, таму што можна атрымаць траўму і калі не мець спецыяльнасці, тады і наогул ні кім не зможаш працаваць.
– Дзякуй за размову, поспехаў!
Застаецца толькі выказаць павагу да гэтых мужных дзяўчат і пажадаць камандзе «Пантэры», і асабіста Юлі, вялізных поспехаў і гучных перамог!