У Свіслачы ўшануюць памяць паўстанцаў 1863 г.
Святкаванне Дня памяці пра паўстанцаў 1863 г. адбудзецца ў Свіслачы ўжо 16-ты раз.
Звычайна яго ўдзельнікі наведваюць імшу ў памяць пра братоў Каліноўскіх у свіслацкім касцёле, магілу Віктара Каліноўскага, а таксама Якушоўку.
Тут, у сямейным гняздзе Каліноўскіх на ўскрайку Белавежскай пушчы захаваліся падмуркі іхняе сядзібы і стаіць каваны крыж.
>
Пазней ўдзельнікі імпрэзы сустракаюцца ля бюста Кастуся Каліноўскага ля школы ў Свіслачы.
Як паведаміў “Твайму стылю” адзін з арганізатараў Дня памяці, гарадзенскі грамадскі актывіст Уладзімір Хільмановіч, у праграме сёлетняга святу з’явіцца новы элемент – выстава прац кавалёў.
На ёй маюць быць выстаўленымі працы 5-6 майстроў, прысвечаныя патрыятычнай тэматыцы.
Арганізатары акцыі з Гродна спрабуюць зараз замовіць аўтобус, на якім ахвотныя гарадзенцы змогуць патрапіць на імпрэзу, запланаваную на 30 кастрычніка.
Даведка ТС
Дзень памяці паўстанцаў 1863 года традыцыйна адбываецца ў Свіслачы (Гарадзенская вобласць) – на радзіме братоў Каліноўскіх.
Кастусь Каліноўскі быў кіраўніком нацыянальна‑вызваленчага паўстання ў Беларусі супраць царызму ў 1863—1864 гадах. Быў павешаны па загадзе расійскіх уладаў ў Вільні.
З турмы перад смерцю напісаў палымяныя звароты «Лісты з-пад шыбеніцы».
Свіслач з’яўляецца адзіным у Беларусі месцам, дзе ўсталяваны помнік Кастусю Каліноўскаму.
На мясцовых могілках пахаваны старэйшы брат Кастуся Віктар, які лічыцца ідэйным натхняльнікам нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі ў другой палове ХІХ ст.
Магіла Віктара Каліноўскага была адшукана на свіслацкіх могілках у 1996 годзе гарадзенскім журналістам Зміцерам Кісялём і мясцовымі актывістамі дэмакратычнага руху.
На здымку: удзельнікі Дня памяці-2009
Фота Яна Лялевіча